Сапраўдныя нявесты са сваімі жаніхамі пройдуць парадам у Віцебску на дзень горада
22 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Парад нявест і жаніхоў пройдзе ў Віцебску па самым рамантычным мосце на Дзень горада, расказала карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення культуры Віцебскага гарвыканкама Наталля Шыенок.
У адрозненне ад пастановачных парадаў нявест, якія штогод праходзяць у Расіі, Украіне, а з нядаўніх часоў сталі праводзіцца і ў беларускай сталіцы, Віцебск 25 чэрвеня - у свой дзень нараджэння, ладзіць агляд самых што ні на ёсць сапраўдных маладых. Па папярэдніх даных, каля 15 пар прымуць удзел у гэтым шэсці. Спачатку яны пройдуць па мосце імя Пушкіна, які ў мясцовых маладых лічыцца мостам закаханых і на якім пары вешаюць замочкі любові, затым яны ўскладуць кветкі да помніка Аляксандру Пушкіну, а ў заключэнне іх будзе чакаць тэатралізаванае прадстаўленне і віншаванне ад гарвыканкама з уручэннем памятных сувеніраў.
Па даных гарадскога аддзела статыстыкі за 4 месяцы бягучага года ў абласным цэнтры зарэгістравана 759 шлюбаў, у той час як у студзені-красавіку мінулага года іх было 737.
Парад нявест і жаніхоў - толькі адно са шматлікіх мерапрыемстваў, якія аддзел культуры гарвыканкама падрыхтаваў да 1036-годдзя Віцебска. На працягу двух дзён горад будзе святкаваць Дзень нараджэння, і, як адзначыла Наталля Шыенок, кожны гараджанін знойдзе для сябе нешта цікавае. Адны змогуць на працягу ўсяго дня слухаць канцэрты класічнай музыкі ў дворыку старога Ратушы, іншыя - намаляваць партрэт роднага горада, трэція з задавальненнем адправяцца ў незвычайнае падарожжа па Заходняй Дзвіне на баржы і ўбачаць самага высокага гараджаніна. Як чакаецца, разам з віцяблянамі ў свяце прымуць удзел прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў. -0-