Наталля Качанава абрана старшынёй назіральнага савета «Нафтана»

Старшыня Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава абрана старшынёй назіральнага савета ААТ "Нафтан". Сёння прайшло пасяджэнне савета. У час яго кандыдатура Наталлі Качанавай была падтрымана аднагалосна. Генеральны дырэктар "Нафтана" Аляксандр Дзямідзіў павіншаваў старшыню Адміністрацыі Прэзідэнта з абраннем на пасаду.


"Дзякую за аказаны давер. Для мяне гэта новая праца, адказная, таму што прадпрыемства вельмі важна не толькі для эканомікі Наваполацка, але Віцебскай вобласці і ўсёй Беларусі. Задачы перад прадпрыемствам стаяць вельмі сур'ёзныя, таму трэба будзе аказваць яму ўсямерную падтрымку. У прыватнасці, да 7 лістапада трэба будзе завяршыць частку праектаў па мадэрнізацыі "Нафтана". Але на гэтым вырашэнне задач акцыянернага таварыства не заканчваецца. Яшчэ трэба правесці велізарную працу па мадэрнізацыі і рэканструкцыі завода "Палімір", выпрацоўцы стратэгіі ўсяго нафтахімічнага комплексу "Нафтана", - сказала старшыня Адміністрацыі Прэзідэнта.

 Касаючыся сітуацыі з паступленнем нездавальняючай якасці расійскай нафты і, як следства, зніжэннем аб'ёмаў яе перапрацоўкі "Нафтанам", Наталля Качанава адзначыла, што да вырашэння гэтай праблемы падключаны ўрад і канцэрн "Белнафтахім". "Спадзяюся, у найбліжэйшы час гэтае пытанне будзе вырашана, таму што з-за зніжэння загрузкі магутнасцей "Нафтана" больш чым напалову прадпрыемства і эканоміка краіны нясуць страты", - дадала старшыня Адміністрацыі Прэзідэнта.

 Наталля Качанава таксама сёння сустрэнецца з працоўным калектывам завода "Палімір". Назіральны савет ААТ "Нафтан" дзейнічае з 2002 года. У яго склад уваходзяць 10 чалавек. ААТ "Нафтан" - буйны нафтахімічны комплекс, які выпускае розныя віды паліва, масла, бітумы, араматычныя вуглевадароды і прадукты нафтахіміі. На прадпрыемстве працуюць больш за 10 тыс. чалавек, тавары пастаўляюцца на рынкі больш чым 50 краін.

БЕЛТА.