Наталля Качанава: «Не трэба адмахвацца ад людзей!»
Першае пытанне, з якім звярнуліся, – праблемы з транспартным забеспячэннем, – аказалася актуальным не толькі для жыхароў Полацка, але і іншых гарадоў і раёнаў Беларусі.
Як правіла, аператары перавозак, якія рэгулююць колькасць грамадскага транспарту і яго расклад, знаходзяцца ў абласных гарадах, таму не могуць аб'ектыўна ацаніць абстаноўку на месцах.
– Шмат скаргаў у людзей па гэтым пытанні. Таму яно абмяркоўвалася на нарадзе ў Прэзідэнта. Была пастаўлена задача разабрацца з праблемай транспартнага забеспячэння ў гарадах і раёнах, – падкрэсліла Наталля Іванаўна.
У дадзеным выпадку мужчына скардзіўся на невыкананне графіка руху аўтобусаў №№ 27 і 30. Часта транспарт не прыходзіць у час, а часам яго адмяняюць без папярэджання. Наталля Качанава даручыла разабрацца з гэтым пытаннем прадстаўніку Віцебскаблаўтатранса.
На прыём прыйшлі тры жанчыны з просьбай падключыць іх кватэры да электраацяплення.
– Толькі тры кватэры ва ўсім нашым доме падключылі да электраацяплення, а на астатнія не хапае магутнасцей, – патлумачылі жанчыны. – У планах усталяваць нам яго толькі ў 2030 годзе. Занадта доўга чакаць.
Наталля Качанава абяцала перагледзець план і перанесці ўстаноўку электраацяплення на наступны год.
Някалькі зваротаў запар было звязана з пытаннямі ацяплення.
– Чаму столькі зваротаў па гэтай праблеме ад жыхароў аднаго раёна? Не трэба адмахвацца ад людзей! – звярнулася да кіраўніка ЖКГ Полацкага раёна Наталля Качанава.
Старшыня Савета Рэспублікі падчас прыёму звязалася з міністрам жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Генадзем Турбілам. І паставіла перад ім задачу звярнуць увагу на Полацк, узяць пад асабісты кантроль пытанні ацяплення.
Прыём грамадзян будзе доўжыцца ўвесь дзень, бо для членаў Савета Рэспублікі важна даведацца ў людзей, чым яны жывуць і што іх хвалюе, каб максімальна дапамагчы ў вырашэнні ўзніклых праблем.