Наталля Качанава наведала ААТ "Полацкі малочны камбінат"

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава наведала ААТ "Полацкі малочны камбінат" і сустрэлася з калектывам прадпрыемства.

Мэтай сённяшняга візіту старшыні Савета Рэспублікі ў Полацк было азнаямленне з ходам выканання ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 лютага 2020 года №70 "Аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці". Аляксандр Лукашэнка паставіў перад сенатарам задачу высветліць, як на прыкладзе Полацкага малочнага камбіната рэалізуецца ўказ. Гэтае пытанне Наталля Качанава абмеркавала з прадстаўнікамі мясцовай улады і кіраўнікамі прадпрыемстваў, якія ўвайшлі ў полацкі кластар.

Старшыня Савета Рэспублікі пабывала на камбінаце, наведала вытворчыя цэхі і пагутарыла з калектывам. Работнікоў хвалявалі розныя тэмы - эканоміка, сацыяльная сфера, развіццё сельскай гаспадаркі.

"Мне сорамна за тое, што адбывалася ў нас у краіне на некаторых прадпрыемствах, якія ішлі на паваду ў людзей, якія камандуюць з-за мяжы. Нельга так, трэба жыць сваім розумам. Цяпер важна захаваць прадпрыемствы", - падкрэсліла Наталля Качанава.

Людзей цікавіла рэакцыя на ліст, падпісаны членамі прафсаюза, у якім вылучалася патрабаванне спыніць санкцыі ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў. "Мы жывем у сваёй суверэннай краіне і разумеем, што стабільнасць і сацыяльныя гарантыі, якія ёсць у нас, - гэта важна. І гэта трэба цаніць", - адзначыла старшыня Савета Рэспублікі.

Работнікі малочнага камбіната таксама закранулі пытанні развіцця свайго рэгіёну. Яны пыталіся, як будуць мадэрнізаваць электрасеткі, ці пачнецца будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне Аэрапорт, які развіваецца, ці адновіцца льготнае крэдытаванне будаўніцтва жылля для маладых сем'яў і як будуць рэгулявацца цэны на лекі і прадукты. Усе паднятыя пытанні Наталля Качанава ўзяла на кантроль.

Аб эканоміцы Полацкага малочнага камбіната распавёў яго генеральны дырэктар Уладзімір Сафронаў. "На прадпрыемстве разам з сельскагаспадарчым філіялам у Клясціцах працуюць 112 чалавек. Выпускаецца 84 найменні прадукцыі. Закрыццё расійскага рынку прымусіла нас перагледзець напрамкі збыту, мы асвоілі новыя рынкі - Каір, Бангладэш, Саудаўская Аравія. У мінулым годзе за валавую вытворчасць атрымалі ў грашовым выразе Br130 млн. У гэтым годзе плануем выйсці на Br160 млн. У аграпрамысловым аб'яднанні знаходзяцца 32 сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, уключаючы Міёрскі мясакамбінат", - распавёў кіраўнік камбіната.

Наталля Качанава акцэнтавала ўвагу на тым, што ўказ па падтрымцы АПК Віцебскай вобласці дапаможа развіццю гэтай галіны, але і ад аб'яднанняў чакаюць аддачы.

"Трэба працаваць, пускаць абаротныя сродкі ў развіццё, мадэрнізацыю прадпрыемстваў. Гэта будзе на карысць усім: і нашым прадпрыемствам, і дзяржаве, і асобна ўзятаму работніку", - падкрэсліла Наталля Качанава.

Полацкі малочны камбінат