Наталля Качанава прадставіла калектыву "Нафтана" новага кіраўніка

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава прадставіла калектыву наваполацкага ААТ "Нафтан" (Віцебская вобласць) новага генеральнага дырэктара Аляксандра Дзямідзіка.

Развітваючыся з журналістамі пасля сустрэчы з калектывам прадпрыемства, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыла, што Аляксандр Дзямідзік - ураджэнец города Наваполацка і сваю працоўную дзейнасць пачынаў менавіта на "Нафтане". "Ён пачынаў на гэтым заводзе слесарам, а сышоў намеснікам генеральнага дырэктара. Працягнуў кар'еру ў Беларускай нафтавай кампаніі, так што і сам "Нафтан", і ў цэлым нафтаперапрацоўка яму добра знаёмыя. Гэта прафесіянал сваёй справы, які карыстаецца аўтарытэтам", - сказала Наталля Качанава.

Яна выказала ўпэўненасць, што новы кіраўнік прыме ўсе меры для таго, каб выканаць тыя задачы, якія цяпер стаяць перад прадпрыемствам. "А гэта, перш за ўсё, завяршэнне пачатай мадэрнізацыі. Абнаўленне дазволіць заводу павялічыць аб'ёмы вытворчасці і выйсці на больш глыбокую перапрацоўку нафты", - канстатавала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Яшчэ адна не менш важная задача - зладжаная праца калектыву. "Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод - сур'ёзнае прадпрыемства, на якім працуе каля 10,5 тыс. чалавек. Гэта знакавае горадаўтваральнае прадпрыемства. Упэўнена, што новы кіраўнік зможа арганізаваць працу такім чынам, каб кожны член калектыву быў нацэлены на агульны для прадпрыемства вынік. Пры выкананні агульных задач у "Нафтана" будзе магчымасць падтрымаць людзей зарплатай і вырашаць сацыяльныя пытанні", - адзначыла Наталля Качанава.

Алена Ціханава - БЕЛТА.