Наталля Качанава заклікае дэпутатаў займаць больш актыўную пазіцыю ў вырашэнні пытанняў людзей
Наталля Качанава звярнула ўвагу на работу з насельніцтвам - гэта звароты грамадзян, правядзенне прамых ліній, сустрэчы ў працоўных калектывах. "Гэта няпростая работа, і яе павінны праводзіць усе кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, дэпутаты розных узроўняў. Калі людзі інфармаваныя, што адбываецца ў вобласці, краіне, у іх узнікае менш пытанняў. У Віцебскай вобласці, што тычыцца прыёмаў па асабістых пытаннях і тых зваротаў, якія паступаюць у вышэйстаячыя інстанцыі, работа з людзьмі наладжана належным чынам. Тым не менш яе трэба актывізаваць па ўсіх напрамках, і ў гэтага павінен быць вынік", - сказала спікер верхняй палаты парламента.
Звяртаючыся да дэпутатаў розных узроўняў, у тым ліку нядаўна абраных у парламент краіны ад Віцебскай вобласці, Наталля Качанава падкрэсліла, што іх работа павінна быць больш заўважнай. Парламентарыям трэба займаць больш актыўную пазіцыю ў вырашэнні пытанняў насельніцтва. "Трэба дакладна разумець, што нас выбралі людзі, і рабіць усё, каб пытанні, якія агучваюць грамадзяне, былі пачутыя. Нашу работу людзі будуць ацэньваць па нашых справах", - сказала спікер.
У ліку першачарговых задач - павышэнне дабрабыту грамадзян. Над гэтым актыўна трэба працаваць мясцовым уладам, дэпутацкаму корпусу і кіраўніцтву краіны, падкрэсліла Наталля Качанава. Старшыня Савета Рэспублікі акцэнтавала ўвагу і на важнасці раўнамернага развіцця рэгіёнаў. У любым раёне і горадзе чалавек павінен мець магчымасць сябе рэалізаваць. "Важна, каб людзі заставаліся ў Віцебскай вобласці і працавалі", - адзначыла яна.