Наталля Качанава: жыллё, праца і годны заробак - залог развіцця малых гарадоў

Развіццё малых гарадоў наўпрост залежыць ад забеспячэння людзей працай, годнай зарплатай і жыллём. Асабліва гэта важна для шматдзетных сем'яў. Такое меркаванне выказала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава ў Браславе на пасяджэнні райвыканкама пры разглядзе вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за першае паўгоддзе.

У Браслаўскім раёне ва ўдасканаленні жыллёвых умоў маюць патрэбу 67 шматдзетных сем'яў. У цяперашні час тэрмін, за які яны могуць пабудаваць жыллё з прыцягненнем льготных сродкаў, занадта працяглы, лічыць Наталля Качанава. Яна адзначыла, што ў Адміністрацыі Прэзідэнта заўсёды станоўча ставяцца да ўсіх ініцыятыўных прапаноў з месцаў, накіраваных на паляпшэнне сітуацыі з забеспячэннем жыллём. "Смела звяртайцеся, мы заўсёды гатовы абмяркоўваць гэтыя пытанні. Бо развіццё малых гарадоў залежыць ад забеспячэння людзей жыллём, працай і годнай зарплатай", - падкрэсліла Наталля Качанава.

Асаблівую ўвагу кіраўнікоў усіх узроўняў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта акцэнтавала на стаўленні да даверанага аб'ёму работ. "На 99% усё залежыць ад кіраўніка. Пры аднолькавых эканамічных умовах у краіне сітуацыя абсалютна розная. Дзе людзі працуюць эфектыўна, вынік ёсць. Поспех у тых, хто хоча і стараецца працаваць, - упэўнена Наталля Качанава. - І я яшчэ раз паўтаруся, трэба ўважліва слухаць Прэзідэнта. Вазьміце ў якасці прыкладу нядаўняе наведванне кіраўніком дзяржавы Косцюковічаў або ў мінулым годзе фермы ў Магілёўскай вобласці і задумайцеся, што ў вас творыцца ў гаспадарцы. Кожны кіраўнік павінен усведамляць і несці адказнасць за сваіх людзей і парадак на аб'екце, эфектыўнасць работы".

Ключавое значэнне, на думку Наталлі Качанавай, мае і стаўленне да людзей, рэгулярныя сустрэчы кіраўнікоў мясцовага ўзроўню з насельніцтвам, своечасовае інфармаванне аб актуальных пытаннях і аказанне дапамогі ў вырашэнні жыццёвых пытанняў. "Важна пачуць чалавека, дапамагчы вырашыць яму набалелую жыццёвую праблему, аднесціся па-чалавечы. Тады і людзі адпаведна будуць да вас ставіцца", - сказала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

На 2019 год заданне па будаўніцтве і ўводзе ў эксплуатацыю агульнай плошчы жылых дамоў у Браслаўскім раёне складае амаль 9,7 тыс. кв.м, у тым ліку 7,6 тыс. кв.м за кошт індывідуальных забудоўшчыкаў. За студзень-ліпень гэтага года ўвод індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва склаў каля 2 тыс. кв.м, або 26% гадавога задання. Для нарошчвання тэмпаў уводу жылля індывідуальнымі забудоўшчыкамі Браслаўскім райвыканкамам сумесна з сельскімі выканаўчымі камітэтамі пастаянна праводзіцца работа па падборы і фарміраванні зямельных участкаў для будаўніцтва аднакватэрных жылых дамоў. На 1 жніўня ў раёне маецца 165 вольных участкаў пад індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва (з іх 59 аўкцыённых), у тым ліку 41 участак (з іх 23 аўкцыённых) у Браславе. Заданне будзе выканана за кошт уводу ў эксплуатацыю 40-кватэрнага жылога дома долевага будаўніцтва ў райцэнтры (яго ўвод запланаваны на чацвёрты квартал) і індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва, асноўны аб'ём будаўніча-мантажных работ па якім праводзіцца ў спрыяльны перыяд года.

БЕЛТА.