Нацбанк Беларусі з 19 красавіка зніжае стаўку рэфінансавання да 12,5% гадавых

17 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны банк Беларусі з 19 красавіка бягучага года зніжае стаўку рэфінансавання з 13% да 12,5% гадавых. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі галоўнай банкаўскай установы краіны. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове праўлення Нацбанка ад 16.04.2010 №106. Адначасова зніжаюцца стаўкі па пастаянна даступных аперацыях падтрымкі бягучай ліквіднасці да 19,5% гадавых і стаўкі па пастаянна даступных аперацыях вываду бягучай ліквіднасці - да 8% гадавых. Змяненне працэнтных ставак накіравана перш за ўсё на далейшае павышэнне даступнасці крэдытаў банкаў для прадпрыемстваў і насельніцтва і садзейнічанне на гэтай аснове паскоранаму сацыяльна-эканамічнаму развіццю краіны. У Нацбанку растлумачылі, што рашэнне аб зніжэнні працэнтных ставак прынята з улікам нізкіх тэмпаў інфляцыі, устойлівай сітуацыі на валютным рынку і высокіх тэмпаў прыросту дэпазітаў грамадзян у нацыянальнай валюце. Пры гэтым захоўваецца адзін з базавых прынцыпаў працэнтнай палітыкі Нацыянальнага банка - падтрыманне працэнтных ставак на станоўчым рэальным узроўні, які спрыяе больш высокай прывабнасці рублёвых укладаў у параўнанні з дэпазітамі ў замежнай валюце. Нацыянальны банк і далей будзе праводзіць працэнтную палітыку, накіраваную на паступовае зніжэнне агульнага ўзроўню працэнтных ставак у эканоміцы, забяспечваючы пры гэтым устойлівасць нацыянальнай валюты і фінансавай сістэмы ў цэлым. Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2010 год прадугледжваецца зніжэнне стаўкі рэфінансавання да канца года да 9-12% гадавых, а ставак па крэдытах - да 12-15% гадавых.-0-