Нацэленасць выключна на выкананне паказчыкаў не дазваляе дамагчыся важкага поспеху - Аляксандр Субоцін

Нацэленасць выключна на выкананне паказчыкаў не дазваляе дамагчыся важкага поспеху ў працы. Такім меркаваннем падзяліўся памочнік Прэзідэнта Беларусі – інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Субоцін, каментуючы справаздачу ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб выніках працы эканомікі за 2017 год і задачах па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага росту.

Аляксандр Субоцін звярнуў увагу, што ўчарашняе мерапрыемства было арыентавана на ліквідацыю слабых месцаў і недахопаў, якія не дазваляюць паспяхова выконваць галоўную дзяржаўную задачу. А яна, як вядома, у тым, каб палепшыць жыццё людзей. "Для дасягнення гэтай мэты ўсе павінны скаардынаваць працу і рабіць агульную справу разам. На жаль, гэта не ва ўсіх атрымліваецца. Кіраўнік дзяржавы дакладна заўважыў, што ў кожнага міністэрства і ведамства свая задача. І яны любой цаной імкнуцца выканаць паказчыкі. Але ў выніку, на жаль, гэта ператвараецца ў фармалізм - лічбы дасягнуты, па справаздачнасці ўсё добра, а справа буксуе, мэта не дасягнута, - адзначыў ён. - Залог поспеху ў тым, каб усё рабіць разам. Элементарны прыклад: раней у нашых вёсках дом будавалі ўсе разам. Вёска збіралася і за некалькі дзён ставілі хату. А ў адзіночку і за год з гэтым не справіцца".

Адказваючы на пытанне аб тым, якую галоўную задачу для сябе паставіў памочнік Прэзідэнта ў рэгіёне пасля ўчарашняй справаздачы ўрада, ён адзначыў, што трэба дэталёва і пільна займацца кадравай палітыкай. "Па вялікім рахунку, усё залежыць ад людзей. Самы звычайны і наглядны прыклад - у адным раёне два гаспадаркі працуюць у абсалютна ідэнтычных умовах, на адным і тым жа стартавым капітале. Пры гэтым адно прадпрыемства цвёрда стаіць на нагах і развіваецца, а другое - практычна банкрут. У чым справа? У кіраўніку, усё залежыць ад яго! Ёсць кіраўнікі, што называецца, ад Бога, а ёсць і менш таленавітыя, але больш працавітыя, якія, не маючы выдатных задаткаў, кампенсуюць гэта сваёй працай, настойлівасцю і мэтанакіраванасцю. Па факце і адным, і другім удаецца рухаць сваё прадпрыемства наперад. Так усюды, у любой справе, на ўсіх узроўнях. Таму, калі ў

нас будуць добрыя, моцныя, адукаваныя кіраўнікі, то яны заразяць сваёй энергіяй калектыў і змогуць арганізаваць справу так, што яна будзе паспяховай", - перакананы памочнік Прэзідэнта.

Ён падзяліўся і агульнымі ўражаннямі ад учарашняга мерапрыемства. "Гутарка была шчырая, і не скажу, што мяккая. Акцэнты расстаўлены. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яму важны не толькі макраэканамічныя паказчыкі, але і абставіны, якія складаюцца ў невялікім раёне і кожнай канкрэтнай сям'і", - падкрэсліў суразмоўца.

БЕЛТА. Фота з архіва газеты "Віцьбічы".