Нацыянальная праграма дзеянняў Рэспублікі Беларусь па барацьбе з дэградацыяй зямель будзе распрацавана да 2010 года

6 жніўня, Гарадок /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Нацыянальная праграма дзеянняў Рэспублікі Беларусь па барацьбе з дэградацыяй земляў будзе распрацавана да пачатку 2010 года, паведаміў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА кіраўнік экспертнай групы па распрацоўцы праграмы, загадчык навукова-даследчай лабараторыі экалогіі ландшафтаў БДУ Валянцін Яцухна. Праграма дзеянняў ствараецца для рацыянальнага выкарыстання і аховы земляў Беларусі. "Зямля з'яўляецца галоўным эканамічным рэсурсам любой дзяржавы", - падкрэсліў суразмоўца. Па словах эксперта, у нацпраграме знойдуць адлюстраванне такія аспекты, як нарматыўна-прававая база ў галіне землекарыстання, навукова-інфармацыйнае, фінансавае забеспячэнне. Асаблівая ўвага будзе нададзена пытанням удасканалення ўліку і маніторынгу земляў і метадам барацьбы з дэградацыяй земляў. У 2001 годзе Рэспубліка Беларусь далучылася да Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем/дэградацыяй земляў і, такім чынам, узяла на сябе абавязацельствы па выкананні задач устойлівага землекарыстання, эфектыўнага выкарыстання і захавання земляў, дадаў Валянцін Яцухна. Прыярытэты нацпраграмы абмяркоўваюцца сёння ў Гарадку (Віцебская вобласць) на семінары "Ахова земляў/почвы ад эрозіі і яе адлюстраванне ў Нацыянальнай праграме дзеянняў па барацьбе з дэградацыяй земляў". Семінар праводзіцца ў рамках рэалізацыі праекта ЕС і Праграмы развіцця ААН (ПРААН) "Пабудова патэнцыялу ў галіне стратэгічнай экалагічнай ацэнкі і ў галіне рэалізацыі прыродаахоўных канвенцый у Рэспубліцы Беларусь".-0-