Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі павінна спрасціць шлях інвестараў у эканоміку Беларусі – А.Лукашэнка
15 лістапада, Мінск /Таццяна Паляжай — БЕЛТА/. Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі павінна спрасціць шлях інвестараў у эканоміку Беларусі. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытанні стварэння і дзейнасці гэтай установы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Мэта перад агенцтвам пастаўлена дакладна — аптымізаваць усе працэсы і стаць для інвестараў тым «адным акном», якое дапаможа ім асвойваць беларускі рынак, а нам — нарошчваць эканамічны патэнцыял», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем адзначыў, што існуе шмат нараканняў на работу ўлады з інвестарамі як на рэгіянальным, так і на рэспубліканскім узроўні. Дзелавыя людзі наракаюць на цяганіну і бюракратычныя бар'еры з боку органаў кіравання. «Сапраўды, бізнесменам яшчэ да пачатку рэалізацыі інвестпраектаў трэба атрымаць процьму дазволаў і ўзгадненняў розных міністэрстваў, абласных, гарадскіх, раённых выканкамаў і іншых арганізацый. Часта на гэта сыходзіць не менш за паўтары-два гады», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
З іншага боку, заўважыў Прэзідэнт, ад кіраўніцкіх структур чуюцца скаргі на пасіўнасць і неабавязковасць інвестараў, на іх завышаныя прэтэнзіі. «Відаць, ёсць і тое, і другое», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што для зняцця любых перашкод на шляху інвестараў, аператыўнага вырашэння іх праблем, надання сістэмнасці гэтай рабоце ў апошні час унесены шэраг змяненняў і дапаўненняў у заканадаўства. Прадастаўлены льготныя ўмовы як для пачатку дзейнасці, так і для ўсяго працэсу рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Акрамя таго, у краіне пайшлі на стварэнне спецыялізаваных структур і інстытутаў, прызваных актывізаваць прыток капіталаўкладанняў у Беларусь, у прыватнасці ўвялі інстытут інвестыцыйных агентаў.
Рашэнне сфарміраваць новую рэспубліканскую структуру — Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі прынята з улікам рэкамендацый аўтарытэтных міжнародных фінансавых і крэдытных арганізацый. На яго ўскладаюцца дзве найважнейшыя задачы: эфектыўная практычная работа з інвестарамі і адпрацоўка тэхналогіі прыватызацыі дзяржаўных аб'ектаў.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка выказаў сумненне ў неабходнасці стварэння гэтай структуры: «Скажу шчыра: да гэтага часу не перакананы, што мы паступаем правільна, капіруючы чужы вопыт, што яно нам абавязкова дапаможа прасунуць інвестыцыі».
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што яго хвалюе, ці не паўторыць новае агенцтва памылак свайго папярэдніка, на базе якога яно, па сутнасці, ствараецца, ці не будзе гэта яшчэ адной бюракратычнай структурай, якая не спрасціць, а ўскладніць шлях інвестараў у беларускую эканоміку. Аляксандр Лукашэнка выказаў таксама сумненне ў тым, ці зможа агенцтва наладзіць эфектыўнае ўзаемадзеянне з іншымі дзяржда органамі ў цэнтры і ў рэгіёнах, з дырэктарамі прадпрыемстваў, ці не ляжа гэтая структура дадатковым цяжарам на рэспубліканскі бюджэт. «І галоўнае: што дасць краіне гэтая структура ў бліжэйшы час і ў перспектыве? — адзначыў Прэзідэнт. — Ствараючы агенцтва, мы можам зняць адказнасць з міністэрстваў, ведамстваў, кіраўнікоў прадпрыемстваў. Вельмі небяспечна, каб мы рэальную работу з інвестарамі не падмянілі стварэннем нейкай канкрэтнай, можа, нават і важнай структуры». — 0 —