Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа адкрывае 87-ы сезон

5 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа сёння адкрывае 87-ы сезон, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў тэатры. Па добрай і любімай традыцыі адкрые сезон спектакль-даўгажыхар "Нястэрка", які ўпершыню быў пастаўлены па п'есе Віталя Вольскага ў далёкім 1941 годзе і з таго часу пастаянна знаходзіцца ў рэпертуары тэатра. Аддаючы даніну мінуламу, тэатр не мае намеру стаяць на месцы. Гэта даказвае афіша кастрычніка, у якой супраць пяці спектакляў з васьмі заяўленых стаіць паметка - "прэм'ера". Мастацкі кіраўнік і дырэктар коласаўскага тэатра Валерый Анісенка прадставіць сваю пастаноўку "Песні ваўка" Вячаслава Паніна. Упершыню коласаўцы сыграюць "Візіт дамы" па п'есе Фрыдрыха Дзюрэнмата "Візіт старой дамы", які стане бенефісам народнай артысткі Беларусі Святланы Акружной. Сярод прэм'ер і драма па рамане Уладзіміра Караткевіча "Леаніды не вернуцца на Зямлю". Заўважна абноўленую афішу растлумачыў Валерый Анісенка: "Я перакананы, што неабходна паказваць сённяшні дзень. Выйсці да гледача з сучаснымі праблемамі, сваім поглядам на свет". Тэатр быў створаны ў Віцебску 21 лістапада 1926 года на базе беларускай драматычнай студыі, якая з 1921 па 1926 год існавала пры МХАТ імя М. Горкага. У 1944 годзе за дасягненні ў развіцці нацыянальнай культуры тэатру прысвоена імя Якуба Коласа. У 1977 годзе калектыў тэатра імя Якуба Коласа ўдастоены звання акадэмічны. Віцебскі тэатр з'яўляецца адзіным абласным, які мае статус нацыянальнага.-0-