Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа сустрэне свой юбілей новымі пастаноўкамі
Круглую дату адзін са старэйшых тэатраў Беларусі, які ў свой час называўся БДТ-2 (гэта значыць, другім пасля Купалаўскага), адзначыць у лістападзе 2016-га. Але і цяперашні год лічыцца юбілейным, бо пачаўся 90-ы сезон. Каласаўцы вырашылі адкрыць яго на месяц раней, але традыцыйна спектаклем «Несцерка». Гэтая рарытэтная пастаноўка стала сімвалам, візітнай карткай тэатра. Вось ужо больш за 70 гадоў яна збірае поўныя залы. Так было і ў мінулы аўторак, калі на сцэне гралі нестарэючую камедыю Віталя Вольскага.
Чым парадуе тэатр гледачоў у цяперашнім сезоне? Як рыхтуецца да маючага адбыцца ўрачыстасці? Пра гэта ішла размова на прэс-канферэнцыі, у якой узялі ўдзел мастацкі кіраўнік Валерый Анісенка, дырэктар Аляксандр Старых, галоўны мастак Святлана Макаранка, кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Аляксандр Замкоўскі, рэжысёр Міхаіл Краснабаеў.
Маштабнай пастаноўкай да 90-годдзя стане спектакль «Каласы пад сярпом тваім» па аднайменным рамане Уладзіміра Караткевіча, за які ўзяўся Валерый Анісенка. У ім будзе занята ўся трупа, прэм'ера запланавана на 2016 год. Мастацкі кіраўнік таксама прадставіць на суд гледачоў сваю новую працу па п'есе сучаснага беларускага аўтара Дзіяны Балыка «Белы анёл з чорнымі крыламі».
– У ёй уздымаецца вельмі вострая праблема – распаўсюджванне наркотыкаў. З гэтым трэба змагацца ўсім светам і ў тым ліку сродкамі мастацтва. Тэатр павінен ставіць актуальныя пытанні, прымушаць гледачоў думаць, – лічыць Валерый Анісенка.
Сярод прэм'ер новага сезона і «Сымон-музыка». У свой час спектакль па аднайменнай паэме Якуба Коласа ўжо ішоў на віцебскай сцэне, але рэжысёр Міхаіл Краснабаеў перакананы ў тым, што тэмы, якія ўздымае беларускі класік, вечныя. Тэатру толькі трэба знайсці сучасную форму падачы. Да калядных і навагодніх святаў Міхаіл Краснабаеў паставіць «Снягурку».
Як адзначыў Аляксандр Старых, у тэатра няма сродкаў для запрашэння вядомых рэжысёраў (як было ў папярэднія гады). Затое адкрыта дарога для пачынаючых пастаноўшчыкаў з коласаўскай трупы. Некалькі месяцаў таму адбылася прэм'ера спектакля «Каралева прыгажосці з Лінэна», якую ажыццявіла артыстка, студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ірына Цішкевіч. Цяпер яшчэ адна актрыса, якая таксама вучыцца на рэжысёрскім аддзяленні, Ніна Абухава пакажа віцебскай публіцы сваю дыпломную працу – «Цені» па творах Францішка Алехновіча. Спектакль цікавы тым, што ў ім будуць адлюстраваны старонкі біяграфіі самога Францішка Алехновіча, які ў свой час быў першым кіраўніком літаратурнай часткі Коласаўскага тэатра.
Па словах дырэктара, спектаклі, як і раней, будуць ісці 6 дзён на тыдзень, акрамя панядзелка. Хоць праблема запаўняльнасці залы застаецца. На жаль, настроенасць тэатра на высокае мастацтва не супадае з жаданнем гледачоў проста забавіцца.
– У назве нашага тэатра ёсць слова «драматычны». Менавіта драма выхоўвае чалавека, прымушае думаць. Спадзяюся, што і далей будзем прытрымлівацца гэтага курсу, адзначыў мастацкі кіраўнік.
Трэба толькі старацца ставіць годную драматургію цікава, каб яна хвалявала людзей. І прыклады таму ёсць. З аншлагамі ідуць такія спектаклі, як «Рамэа і Джульета», «Да трэціх пеўняў», «Пахавайце мяне за плінтусам».
Недахоп сродкаў не дазваляе калектыву гастраляваць за межамі краіны. Даводзіцца задавольвацца абменнымі паездкамі з беларускімі трупамі. Ужо ў верасні на віцебскай сцэне будзе гуляць Гомельскі тэатр, а ў кастрычніку коласаўцы паедуць у горад на Сож. Пакуль пад пытаннем і ўдзел у міжнародных і рэспубліканскіх фестывалях. Дарэчы, наш тэатр адзіны з абласных мае статус нацыянальнага.
Найстарэйшы калектыў напярэдадні свайго юбілею звяртаецца да гледачоў з заклікам: «Любіце Коласаўскі тэатр так, як ён любіць вас!».
Таццяна Пастэрнак, «Віцебскія весці».