Нацыянальны архіў падрыхтуе серыю зборнікаў дакументаў аб партызанскім руху ў гады ВАВ
23 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Нацыянальны архіў Беларусі прыступіў да падрыхтоўкі серыі зборнікаў дакументаў на тэму партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Нацыянальнага архіва Вячаслаў Селяменеў. Сёння ў Віцебску ён прыняў удзел у прэзентацыі зборніка дакументаў "Віцебшчына вызваленая. 1943-1945", выдадзенага да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Нацыянальны архіў актыўна займаецца публікацыяй дакументаў, толькі сёлета выдадзена пяць такіх зборнікаў, адзначыў Вячаслаў Селяменеў. Цяпер паступіла прапанова ад архівістаў Гомельскай вобласці падрыхтаваць зборнік "Гомельшчына партызанская". "Мы пачалі працаваць па гэтай тэме ў цесным супрацоўніцтве з Гомельскім музеем ваеннай гісторыі", - распавёў суразмоўнік. Магчыма, аналагічны праект будзе рэалізаваны і ў Віцебскай вобласці. Зборнік дакументаў "Віцебшчына партызанская" стане другой часткай серыі з трох кніг, аб'яднаных назвай "Памяць Віцебшчыны".
Першая частка - "Віцебшчына вызваленая: кастрычнік 1943 - снежань 1945" - падрыхтавана напярэдадні 65-й гадавіны вызвалення Беларусі. Ідэя такога выдання з'явілася пасля выхаду ў 2005 годзе двухтомнага зборніка "Вызваленая Беларусь". У "Віцебшчыне вызваленай..." сабраны дакументы, якія сведчаць аб ходзе аднаўлення народнай гаспадаркі, культуры, транспартных зносін, сувязі і іншых сфер жыццезабеспячэння. З дакументаў, большасць з якіх публікуюцца ўпершыню, можна будзе даведацца аб арганізацыі працэсу вяртання жыхароў вобласці, вывезеных у Германію і Аўстрыю. Асаблівая ўвага ў зборніку нададзена матэрыялам аб ходзе работ па размініраванні тэрыторыі вобласці, расследаванні злачынстваў захопнікаў і прычыненай імі шкоды.
Усяго ў зборнік "Віцебшчына вызваленая: кастрычнік 1943 - снежань 1945" увайшлі 134 дакументы, у тым ліку 25 матэрыялаў з фондаў Нацыянальнага архіва Беларусі, два дакументы з фондаў Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі. Выданне праілюстравана фотаздымкамі з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў і музейных устаноў вобласці.
Тэма Вялікай Айчыннай вайны займае значнае месца ў дзейнасці беларускіх архівістаў, адзначыў Вячаслаў Селяменеў. Сярод праектаў на ваенную тэматыку ён вылучыў унікальны даведнік "Беларусь у пастановах Дзяржаўнага камітэта абароны СССР", які ўключае дакументы надзвычайнага вышэйшага органа ўлады ў гады вайны. Праект рэалізаваны пры цесным узаемадзеянні з расійскімі архівістамі, дзякуючы якім беларускія даследчыкі атрымалі магчымасць доступу да дакументаў гэтага вышэйшага органа ўлады. Ні ў адной з рэспублік былога Савецкага Саюза няма аналагаў такой публікацыі, падкрэсліў дырэктар Нацыянальнага архіва. Таксама ў цесным узаемадзеянні з расійскімі архівістамі выдадзены зборнікі дакументаў "Беларусь у першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны", "Напярэдадні. Заходняя асобая ваенная акруга (канец 1939-1941 гг.)" і іншыя публікацыі.-0-