Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры" плануе падвоіць аб'ём турыстычных паслуг
22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры" плануе падвоіць аб'ём турыстычных паслуг, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА выканаючы абавязкі генеральнага дырэктара нацпарка Андрэй Кудзін.
Калі сёння базы адпачынку, размешчаныя на тэрыторыі парка, здольныя змясціць толькі 180 чалавек, то ўжо праз некалькі гадоў для турыстаў будзе даступна 400 ложка-месцаў. Колькасць жа стаяначных месцаў павялічыцца з 500 да 1000. "Інвестыцыі таксама пойдуць на замену абсталявання, набыццё новай мэблі, стварэнне арыгінальнага інтэр'ера", - падкрэсліў Андрэй Кудзін.
Прычым на гэтыя мэты плануецца выкарыстаць Br17 млрд. Як прызнаўся суразмоўца, ужо сёлета парку выдзелена Br3 млрд. Частка з іх ужо накіравана на мадэрнізацыю існуючых аб'ектаў. Так, у ліпені на турбазе "Дрывяты" ўвядуць у строй трэці корпус. Рэканструкцыя чакае і базу адпачынку "Золава".
"Сёння мы хочам даць магчымасць не толькі бізнес-эліце, але і сярэднім слаям насельніцтва", - адзначыў Андрэй Кудзін. Для іх у турбазе "Дрывяты" ў гэтым годзе з'явіцца больш за 20 нумароў эканом-класа. Цэны на пражыванне ў іх будуць некалькі ніжэйшыя, чым у іншых апартаментах.
Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры" размешчаны на паўночным захадзе Беларусі. Яго агульная плошча складае 69,1 тыс.га. Прыгажосць і эстэтычную каштоўнасць краю надаюць яго азёры. З іх найбольшыя па плошчы - Дрывяты, Снуды, Струста, Войса, Нядрово, Няспеш. У нацыянальным парку насяляюць такія рэдкія віды птушак, як чорны бусел, шэры журавель, серабрыстая чайка, белая курапатка, чарназобік, уральская неўця. Раслінны свет нацпарка ўключае каля 500 розных відаў раслін, 32 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.-0-