Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры" і заказнік "Выганашчанскае" прэтэндуюць на статус Рамсарскіх угоддзяў
9 жніўня, Мінск /Таццяна Чумакова - БЕЛТА/. Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры" і заказнік "Выганошчанскае" могуць атрымаць статус водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння (Рамсарскіх). Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Анатоль Ляс, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Спецыялісты Мінпрыроды і НАН Беларусі ўжо падрыхтавалі адпаведную заяўку ў Рамсарскае бюро. Заказнік і нацпарк маюць усе неабходныя перадумовы для таго, каб атрымаць статус водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння. На думку Анатоля Ліса, гэта дазволіць прыцягнуць больш турыстаў.
Намеснік міністра адзначыў, што атрымаць статус Рамсарскіх угоддзяў не так проста. У цяперашні час у Беларусі 9 Рамсарскіх тэрыторый міжнароднага значэння: на базе заказнікаў "Спораўскі", "Сярэдняя Прыпяць", "Званец", "Альманскія балоты", "Асвейскі", "Ельня", "Котра", "Простыр", Беразінскага біясфернага запаведніка. Сумесна з Украінай таксама створана трансгранічная Рамсарская тэрыторыя. Першай тэрыторыяй Беларусі, уключанай у спіс водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння, стаў заказнік "Спораўскі". У бягучым годзе гэтаму заказніку спаўняецца 20 гадоў.
Канвенцыя аб водна-балотных угоддзях, якія маюць міжнароднае значэнне, галоўным чынам у якасці месцапражывання вадаплаўных птушак, была падпісана ў 1971 годзе ў г.Рамсар у Іране ў мэтах захавання і разумнага выкарыстання ўсіх водна-балотных угоддзяў. Бакі канвенцыі - 160 краін. Беларусь далучылася да Рамсарскай канвенцыі ў 1999 годзе.
Як адзначыў Анатоль Ляс, парушэнне стану водна-балотных угоддзяў з'яўляецца адной з прычын глабальнага змянення клімату. У Беларусі яны займаюць значную частку тэрыторыі, і ў краіне надаецца вялікая ўвага іх захаванню ў належным стане.-0-