Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» плануе развіваць вальерную гаспадарку і вырошчваць каштоўныя віды рыб
24 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова "Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры" плануе развіваць вальерную гаспадарку для арганізацыі спартыўнага палявання і вырошчваць каштоўныя віды рыб, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар нацпарка Андрэй Кудзін.
Гэта перспектыўныя напрамкі дзейнасці, да рэалізацыі якіх ужо прыступілі ў нацпарку, падкрэсліў суразмоўца. У бягучым годзе адміністрацыя парка заключыла дагавор з праектнай арганізацыяй на правядзенне вышукальніцкіх работ і падрыхтоўку праектна-каштарыснай дакументацыі на стварэнне вальернай гаспадаркі для дзікіх жывёл паляўнічых відаў. Першапачаткова пад гэтыя мэты плануецца адвесці каля 1 тыс.га. Акрамя традыцыйных для парка прадстаўнікоў жывёльнага свету ў вальерах будуць утрымлівацца інтрадукаваныя віды дзікіх звяроў. Стварэнне вальернай гаспадаркі дазволіць нацпарку павысіць прывабнасць паслуг і павялічыць валютную выручку.
Таксама ў "Браслаўскіх азёрах" плануецца пачаць будаўніцтва інкубацыйнага цэха для развядзення каштоўных відаў рыб. "На тэрыторыі Нацыянальнага парка размешчана 74 вадаёмы, па дзяржпраграме развіцця рыбалоўнай гаспадаркі былі выдзелены значныя сродкі на іх зарыбленне, і мы працягнем развіваць гэту тэму", - адзначыў Андрэй Кудзін. Для павелічэння патоку жадаючых парыбачыць адміністрацыя парка мае намер павялічыць колькасць стаяначных пунктаў, развіваць рэкрэацыйнае рыбалоўства, дадаў ён.-0-