Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры" плануе ў тры разы павялічыць магчымасці па прыёме адпачывальнікаў да 2012 года
19 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова "Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры" плануе ў тры разы павялічыць патэнцыял турыстычных аб'ектаў парку па адначасовым прыёме адпачывальнікаў на працягу бліжэйшых 3 гадоў. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар нацпарка Андрэй Кудзін.
Адміністрацыя нацпарка распрацавала праграму развіцця "Браслаўскіх азёр", якая прадугледжвае рэканструкцыю дзейных комплексаў, а таксама будаўніцтва новых аб'ектаў. "Калі сёння 4 базы адпачынку парку разлічаны на прыём адначасова да 170 турыстаў, то рэалізацыя гэтай праграмы дазволіць павялічыць сутачную прапускную здольнасць нашых аб'ектаў мінімум у 2-3 разы", - адзначыў суразмоўца.
За 10 месяцаў 2009 года ў развіццё турыстычнага комплексу парку інвеставана каля Br1,5 млрд. Гэтыя сродкі былі накіраваны на рамонт і рэканструкцыю шэрагу аб'ектаў. Акрамя таго, да канца года плануецца асвоіць яшчэ амаль Br1 млрд. на рэканструкцыі трэцяга корпуса базы адпачынку "Дрывяты", што дазволіць у перспектыве павялічыць нумарную ёмістасць базы прыкладна на 25% за кошт нумароў сярэдняга цэнавага сегмента.
Акрамя таго, частка сродкаў была накіравана на рэканструкцыю і пашырэнне стаяначнага комплексу. Усяго 34 дзейныя стаянкі былі прыведзены ў парадак, яны здольныя штосутачна прымаць да 500 чалавек. У 2010 годзе адміністрацыя нацпарка таксама працягне развіццё стаяначных пунктаў. Сёння вызначаны новыя месцы размяшчэння стаянак, у асноўным на беразе вадаёмаў Багінскай групы азёр. Да адкрыцця турыстычнага сезона-2010 плануецца завяршыць гэту працу, у выніку чаго магчымасці стаяначнага комплексу па прыёме адпачывальнікаў вырастуць да 800 чалавек у суткі. Адным з напрамкаў пашырэння ёмістасці туркомплекса з'яўляецца ўзвядзенне малабюджэтных летніх домікаў.
Цяпер прапрацоўваецца магчымасць будаўніцтва шматфункцыянальнага культурна-забаўляльнага цэнтра, які дазволіць пашырыць магчымасці адміністрацыі нацпарка па арганізацыі вольнага часу адпачывальнікаў і мясцовых жыхароў на працягу ўсяго года. Узвядзенне гэтага і шэрагу іншых аб'ектаў магчыма з удзелам замежных інвестараў, якія ўжо праяўляюць цікавасць да праектаў нацыянальнага парка, дадаў Андрэй Кудзін.-0-