Навуковая канферэнцыя Міжнароднай асацыяцыі паразітацэнолагаў пройдзе 4-5 лістапада ў Віцебску

2 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя па паразітарных захворваннях пройдзе 4-5 лістапада ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны з удзелам каля 50 спецыялістаў з шасці краін, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прарэктар акадэміі па навуковай рабоце, кандыдат ветэрынарных навук, дацэнт Аляксандр Субоцін. Двухдзённае мерапрыемства праводзіцца Міжнароднай асацыяцыяй паразітацэнолагаў, якая ўжо другі раз месцам для дыскусій па актуальных праблемах выбірае віцебскую ВНУ, што мае добрую даследчую базу і прызнаную навуковую школу па гэтым напрамку. Цікавасць да навуковага форуму выявілі прадстаўнікі вядучых навуковых цэнтраў, навучальных і даследчых устаноў Беларусі, Расіі, Украіны, Таджыкістана, Малдовы і Італіі. На канферэнцыі будзе абмяркоўвацца шырокае кола праблем, звязаных з распаўсюджваннем паразітарных захворванняў, іх клінічнымі праявамі і дыягностыкай, у тым ліку захворванняў, якія ўяўляюць патэнцыйную небяспеку для чалавека. Спецыялісты падзеляцца дасягненнямі ў гэтай навуковай галіне, разгледзяць пытанні дыягностыкі і лячэння паразітарных захворванняў, прафілактыкі захворванняў жывёл ва ўмовах прамысловай вытворчасці, азнаёмяцца з распрацоўкамі новых спосабаў і метадаў камбінаванага лячэння захворванняў, абмяркуюць эфектыўнасць новых прэпаратаў, распрацаваных для барацьбы з паразітамі. Работа канферэнцыі будзе арганізавана па секцыях "Навукова-прыкладныя даследаванні, дыягностыка, лячэнне жывёл і прафілактыка пры паразітацэнозах" і "Метады вывучэння паразітацэнозаў, іх практычнае значэнне, выніковасць і вучэбна-метадычныя аспекты". Акрамя таго, у межах форуму Міжнародная асацыяцыя арганізуе круглы стол па абмеркаванні перспектыў навукова-даследчай і вучэбна-метадычнай работы па паразітацэналогіі, магчымасць рэалізацыі і тэматыку сумесNых даследчых праектаў вучоных з розных краін. Плануецца разгледзець шэраг арганізацыйных пытанняў дзейнасці асацыяцыі, у тым ліку правесці выбары новага складу кіруючых органаў грамадскай арганізацыі. Міжнародная асацыяцыя паразітацэнолагаў утворана ў 2004 годзе і аб'ядноўвае спецыялістаў у галіне паразіталогіі з навуковых і навучальных устаноў краін СНД, у апошнія гады да дзейнасці грамадскай арганізацыі выяўляюць цікавасць вучоныя краін Еўрасаюза. Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, Міжнародная асацыяцыя паразітацэнолагаў і Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны.-0-