Навуковая канферэнцыя ў Віцебску будзе прысвечана тэме медыцынскага забеспячэння партызан у гады вайны

23 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Арганізацыя медыцынскага забеспячэння ўдзельнікаў партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўпершыню стане тэмай навуковай канферэнцыі ў Віцебскім абласным музеі Героя Савецкага Саюза Міная Шмырэва, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар музейнай установы Ірына Шышкова. Да нядаўняга часу гэты аспект вядзення баявых дзеянняў і паўсядзённага жыцця партызан у тыле ворага не атрымліваў шырокага асвятлення, бо ў цэнтры ўвагі знаходзяцца ветэраны і ўдзельнікі вайны, адзначыла яна. Аднак падзеі суровых ваенных гадоў усё далей сыходзяць у гісторыю, усё менш застаецца жывых сведкаў тых падзей. Сёння важны кожны факт таго страшнага часу. На канферэнцыі плануецца прадставіць вынікі даследаванняў архівістаў і музейных работнікаў па гэтай тэме. Таксама будзе арганізавана экспазіцыя, сфарміраваная з фотаматэрыялаў, медыцынскіх інструментаў і асабістых рэчаў медперсаналу, у тым ліку прадугледжана разгарнуць экспазіцыйны комплекс пад адкрытым небам у выглядзе партызанскай зямлянкі. Канферэнцыя будзе прымеркавана да святкавання 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Музей М. Шмырэва выступіць таксама арганізатарам навуковай канферэнцыі "Дзеці вайны", якая стала ўжо традыцыйнай і запланавана на красавік. Мерапрыемства стане пляцоўкай для прэзентацыі вынікаў даследаванняў адразу па некалькіх тэмах, звязаных з лёсамі дзяцей на вайне: "Дзеці - вязні канцлагераў", "Дзеці - удзельнікі падпольнага і партызанскага руху", "Лёсы дзяцей - удзельнікаў ваенных падзей і выхаванцаў дзіцячых дамоў у пасляваенны перыяд" і іншых. Так, сёлета плануецца шырэй асвятліць пытанні арганізацыі школьнай справы ў перыяд баявых дзеянняў, а таксама тэму "Сямейныя партызанскія атрады", узнятыя на папярэдняй канферэнцыі. Навуковае вывучэнне пытанняў ваеннай гісторыі, захаванай дзіцячымі вачыма, было пачата ў Віцебску чатыры гады таму. Сёння даследчыкам важна не выпусціць з-пад увагі і захаваць памяць аб тых, хто з-за вайны раней часу развітаўся з дзяцінствам, адзначыла Ірына Шышкова. Мемарыяльны музей партызанскага камандзіра брыгады Героя Савецкага Саюза Міная Філіпавіча Шмырэва (партызанскі псеўданім Бацька Мінай) быў адкрыты 5 ліпеня 1969 года ў дні святкавання 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Розным этапам жыцця легендарнага партызанскага камбрыга прысвечаны чатыры экспазіцыйныя залы. На тэрыторыі паркавай зоны плошчай каля 0,5 га ўстаноўлены скульптурны бюст Міная Шмырэва працы народнага мастака СССР Заіра Азгура, размясцілася дубовая алея, высаджаная былымі ўдзельнікамі партызанскага руху.-0-