Навуковая канферэнцыя "Віцебскія старажытнасці" прысвечана 90-годдзю з дня нараджэння расійскага гісторыка Л.Аляксеева
27 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Навуковая канферэнцыя "Віцебская даўніна", прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння вядомага гісторыка, археолага Леаніда Аляксеева, які даў другое нараджэнне крыжу Ефрасінні Полацкай, пройдзе ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі 28 і 29 кастрычніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове культуры.
Ураджэнец Растова-на-Доне Леанід Аляксееў значную частку сваіх прац прысвяціў вывучэнню гісторыі Полацкага княства, яго ўзаемаадносін з суседзямі і прычын ранняга адасаблення ад іншых земляў Старажытнай Русі. У 50-70-я гады мінулага стагоддзя вучоны займаўся раскопкамі гарадзішчаў у Друцку, Браславе, вёсцы Камень. Знойдзеныя знаходкі, а сярод іх былі і вельмі каштоўныя, напрыклад, прасліца, шыйныя грыўні, мастацкае ліццё, былі перададзены ў фонды абласнога музея. Вучоны з сусветным імем, доктар гістарычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута археалогіі Расійскай акадэміі навук быў кансультантам пры стварэнні гістарычнага аддзела ў абласным музеі ў Віцебску.
У пачатку 1950-х гадоў у Ленінградскім архіве Леанід Аляксееў выявіў фотапласціны з выявай крыжа Ефрасінні Полацкай, зробленыя ў XIX стагоддзі фатографам Н.Чысцяковым, і шмат гадоў прысвяціў вывучэнню беларускай святыні. Гэтыя даследаванні выкарыстаў пры аднаўленні крыжа мастак-эмальер Мікалай Кузьміч.
Леанід Аляксееў некалькі гадоў прапрацаваў у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, выкладаў археалогію ў Магілёўскім педагагічным інстытуце. Ён - аўтар 130 навуковых прац. Памёр вучоны ў 2008 годзе ў Маскве. У студзені 2011 года вучоныя Беларусі і Расіі будуць шырока адзначаць 90-годдзе з дня нараджэння вучонага.
Гісторыкі з Беларусі, Украіны, Расіі і Латвіі прыедуць у Віцебск, каб прыцягнуць увагу да навукова-гістарычнай і культуралагічнай значнасці навуковых прац і асобы аднаго з найбуйнейшых даследчыкаў сярэднявечнай Беларусі. У ходзе канферэнцыі будуць абмяркоўвацца вынікі археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Полацкіх земляў, вучоныя паднімуць пытанні развіцця археалогіі, краязнаўства на сучасным этапе, абмяркуюць праблемы музеезнаўства і фарміравання музейных калекцый.
Таксама запланавана адкрыццё фотадакументальнай выстаўкі, прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння Леаніда Аляксеева, "Аляксееў і Віцебскі абласны краязнаўчы музей". -0-