Навукова-даследчы фармацэўтычны цэнтр створаць у Віцебску

У Віцебску на базе медуніверсітэта створаць навукова-даследчы цэнтр па фармацыі. Урад Беларусі падтрымаў праект стварэння ў абласным цэнтры навуковай пляцоўкі для развіцця фармацыі.

У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 мая №357, ААТ «Ашчадны банк «Беларусбанк» прадасць капітальны будынак, які знаходзіцца ў яго ўласнасці, у Віцебску на праспекце Фрунзе, 77, па цане больш за 1,5 млн руб. Віцебскаму дзяржаўнаму медыцынскаму ўніверсітэту. Гэта былы адміністрацыйна-вытворчы корпус ААТ «БелВітуніфарм». Здзелку плануецца ажыццявіць да 1 сакавіка 2019 года.

На базе будынка сіламі прадпрыемстваў першага беларускага медыка-фармацэўтычнага кластара «Саюз «Медыцына і фармацыя – інавацыйныя праекты» прадугледжваецца арганізаваць навукова-даследчы цэнтр па фармацыі.

Як растлумачыў старшыня назіральнага савета саюза Аляксей Сычоў, будучы цэнтр павінен стаць унікальным для Беларусі як па аснашчэнні, так і па спектры задач, якія вырашаюцца ў ім.

Кластар і ствараўся з мэтай сфарміраваць такую навукова-тэхнічную базу, якая дазваляла б задаволіць любы запыт на распрацоўку поўнага цыклу вытворчасці лекавага сродку ад сінтэзу малекулы і актыўнай субстанцыі, правядзення даклінічных даследаванняў да адпрацоўкі тэхналогій вытворчасці, правядзення біяэлектрычных або клінічных выпрабаванняў, доследна-эксперыментальнага выпуску вырабу.

Кампанія СТАА «Націвіта», якую ўзначальвае Аляксей Сычоў, гатова выступіць партнёрам ВДМУ і паўдзельнічаць фінансава як у мадэрнізацыі будынка пад спецыфіку будучай дзейнасці, так і ў аснашчэнні цэнтра абсталяваннем. Формы ўдзелу прыватнага вытворцы ў праекце цяпер абмяркоўваюцца.

СЯРГЕЙ АНТОНАЎ, "Віцебскія весці", фота zdorov-vrn.ru