Прынада для наіўных. Прадаўцы фільтраў па-ранейшаму палохаюць жыхароў Віцебска дрэннай якасцю вады ў горадзе

Наживка для наивных. Продавцы фильтров по-прежнему пугают жителей Витебска плохим качеством воды в городе

Наша чытачка Жанна Покрышкіна ў сваім лісце расказала амаль дэтэктыўную гісторыю, якая адбылася з ёй. На яе мабільны тэлефон паступіў званок. Назваўшыся супрацоўнікам арганізацыі па кантролі за якасцю вады ў Віцебску, той, хто тэлефанаваў, прапанаваў праверыць пітную ваду ў кватэры чытачкі. Папрасіў назваць адрас і быць дома да прызначанага часу.

Жанна толком нават не зразумела, што за арганізацыя такая. А калі ператэлефанавала, то высветліла, што гэта зусім не дзяржаўная структура. Таму выразна сказала, што не давярае камерцыйным структурам у такіх пытаннях і папрасіла не прыходзіць да яе. А наконт «сяброў», якія паведамілі асабісты тэлефон, напісала заяву ў міліцыю. Там толькі адказалі, маўляў, ужо не першая такая скарга на фірму ў іх на разглядзе.

Усе «праверкі» ў выніку заканчваліся рэкламаваннем фільтраў для вады. Пры гэтым «кантралёры» «шаманілі» з аналізамі, паказваючы, колькі ў вадзе «прымесей». Атрымлівалася пераканаўча. Наіўны чалавек заглатваў «нажыўку» і купляў фільтр.

Мы хочам пагаварыць пра якасць вады, якую ўжываюць жыхары Віцебска. І спасылацца будзем не на сумнеўныя фірмы і іх досведы, а на лабараторныя даныя, якімі валодаюць работнікі водаканала.

— Наша вада праходзіць штодзённы кантроль на ўсіх чатырох заборах па хімічных, мікрабіялагічных і радыялагічных паказчыках, — кажа начальнік лабараторыі УП «Віцебскводаканал» Людміла Зубрэнкава. — А па арганолептычных паказчыках і на ўтрыманне жалеза ў вадзе — два разы на дзень. Як вядома, жалеза ў адным літры не павінна быць больш, чым устаноўлена нормай, — 0,3 міліграма. Вада — гэта жывы арганізм, у якім павінны быць розныя мінералы, тым яна і каштоўная. Ёсць санітарныя правілы і патрабаванні да фізіялагічнай паўнавартаснасці пітной вады. Пасля фільтраў, а такую ваду мы правяралі, яна губляла гэту паўнавартаснасць, напрыклад, паказчык жорсткасці не перавышаў 0,6 мілімоля на адзін дэцыметр кубічны, у той час як па норме павінен быць не ніжэй за 1,6. Іншая справа, што ў нашай вадзе (і то не на ўсіх свідравах) перавышае норму ўтрыманне жалеза. На станцыях абезжалезвання гэты паказчык даводзіцца да нормы. І ўсё. Больш не павінна быць ніякіх умяшанняў, інакш пачне «пакутаваць» якасць вады. Нават у гарачае надвор'е вада ў Віцебску нідзе не хларуецца, у гэтым няма неабходнасці.

Падрыхтавала Алена БАШУН, "Віцьбічы"