Названы найлепшыя газеты, тэле- і радыёстудыі Віцебскай вобласці
У аблвыканкаме адбыўся ўрачысты прыём, прысвечаны Дню друку і Дню работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. Кіраўнік вобласці Мікалай Шарснёў, віншуючы журналістаў, паліграфістаў, работнікаў пошты, электрасувязі і "Саюздруку" з іх прафесійнымі святамі, адзначыў, што ўсе яны аб'яднаны агульнай справай. «Вы ўдзельнічаеце ў фарміраванні сацыяльнага настрою людзей, стварэнні іміджу вобласці ў маштабах краіны, фарміруеце вобраз Беларусі за мяжой, – сказаў Мікалай Мікалаевіч. – Гэта вялікая адказнасць перад грамадствам і дзяржавай».
Па словах старшыні аблвыканкама, сацыялагічныя замеры паказваюць: сёння ў рэгіянальных друкаваных СМІ аўдыторыя больш, чым у рэспубліканскіх. А гэта значыць, што менавіта мясцовая прэса бліжэй да людзей.
«Ваша слова ў многім з'яўляецца вызначальным у фарміраванні грамадскай думкі», – падкрэсліў Мікалай Шарснёў. Яркае таму сведчанне той факт, што ў Віцебскай вобласці самая высокая ў рэспубліцы насычанасць перыядычнымі выданнямі на тысячу чалавек. І каб утрымаць гэты паказчык, неабходна ствараць прывабны для масавай аўдыторыі інфармацыйны прадукт.Кіраўнік вобласці ў сваім выступленні абазначыў шэраг праблемных для рэгіянальных СМІ момантаў: дэфіцыт прафесійных журналісцкіх кадраў, асабліва ў кіраўніцкім звяне, недахоп аналітычных матэрыялаў у прэсе, недастатковая прысутнасць у Інтэрнэце, дзе шмат часу праводзіць моладзь, а таксама нямала людзей сярэдняга і старэйшага ўзросту.
Звяртаючыся да паштовых работнікаў, Мікалай Мікалаевіч адзначыў, што аптымізацыя раённых вузлоў і сеткі аддзяленняў паштовай сувязі выклікае нараканні ў вяскоўцаў, якія прывыклі, што пошта заўсёды побач. Таму важна, каб перасоўныя аддзяленні паштовай сувязі функцыянавалі выразна, не даючы нагодаў для скаргаў. Ад "Віцебскаблсаюздруку" ў сучасных умовах патрабуецца больш увагі надаваць распаўсюджванню рэгіянальнай прэсы. На думку губернатара, людзі павінны быць максімальна інфармаваныя пра падзеі нашага жыцця, дзейнасць мясцовых органаў улады, праблемныя пытанні і шляхі іх вырашэння.
Пажадаўшы прысутным моцнага здароўя, шчасця, поспехаў у працы, творчага і жыццёвага натхнення, Мікалай Шарснёў прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў абласнога конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі на прэмію імя Ф.Скарыны і электронных – на прэмію "Віцязь".
Прыемна адзначыць, што ў намінацыі “Лепшая абласная, аб’яднаная, гарадская газета” перамогу атрымала рэдакцыя “Віцебскіх вестак”. Сярод раёнак лідзіраваў “Полацкі веснік”. Лепшай студыяй тэлебачання (радыёвяшчання) прызнана рэдакцыя тэлепраграмы ”Саміт ТВ“ ТАА ”Саміт“ (Полацк). У намінацыі “Лепшы газетны рэпартаж” пальму першынства атрымаў фотакарэспандэнт ”Дзвінскай праўды“ (Верхнядзвінск) Валерый Салаўёў. Першае месца ў намінацыі “Лепшы аглядальнік” прысуджана галоўнаму рэдактару ”Лепельскага краю“ Уладзіміру Шаўчэнку. Аўтарскі калектыў радыёпраграмы ”Докшыцкае раённае радыё“ атрымаў перамогу ў намінацыі “Лепшая аўтарская тэлерадыёпраграма”. І гэта толькі тыя, хто ўзяў “золата”. Ёсць яшчэ і “серабраныя”, а ў асобных намінацыях і “бронзавыя” лаўрэаты. Акрамя таго, Ганаровымі граматамі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта былі ўзнагароджаны калектыў Ушацкага цэха ультракароткахваёвых радыёстанцый Віцебскага абласнога вузла радыёвяшчання і тэлебачання філіяла РУП ”Беларускі радыётэлевізійны перадаючы цэнтр“, калектыў Наваполацкага гарадскога вузла паштовай сувязі Віцебскага філіяла РУП ”Белпошта“, калектыў Гарадоцкага раённага аддзялення ТРУП ”Віцебскаблсаюздрук“ і начальнік Ушацкага раённага вузла электрасувязі Віцебскага філіяла РУП ”Белтэлекам“ Аляксандр Шакута.
Хочацца падкрэсліць, што статуэтка Ф.Скарыны – не адзіная ўзнагарода нашай газеты. Мы атрымалі перамогу ў абласным конкурсе друкаваных СМІ на лепшыя публікацыі на прафсаюзную тэматыку. Старшыня Віцебскага абласнога савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Генадзь Ягораў узнагародзіў першага намесніка галоўнага рэдактара “Віцебскіх вестак” Артура Мацеюну нагрудным знакам “За заслугі”, а в.а. галоўнага рэдактара Алену Сыс – падзякай. Пракурор вобласці Генадзь Дыско аб’явіў падзяку спецыяльнаму карэспандэнту нашай газеты Аляксандру Кутынку.
Скарынка дасягненняў “Віцебскіх вестак” папоўнілася сёлета і ўзнагародамі XI Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі “Залатая Ліцея”. Калектыў рэдакцыі атрымаў дыплом лаўрэата ў намінацыі "Лепшыя матэрыялы сацыяльнай тэматыкі". Таксама дыплом лаўрэата ў намінацыі "Лепшы фотакарэспандэнт рэспубліканскіх, абласных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў" прывёз наш фотакарэспандэнт Антон Сцепанішчаў. Выдатны старт для газеты з новай назвай і старымі добрымі традыцыямі!
Алена Сыс, "Віцебскія весткі"