Названы перспектыўныя тэрыторыі будаўніцтва індывідуальнага жылля ў Віцебску
Перспектыўнымі тэрыторыямі будаўніцтва індывідуальнага жылля ў Віцебску вызначаны тэрыторыя ў раёне прыгараднай вёскі Альгова, а ў якасці рэзервовай пляцоўкі на больш аддалены перыяд — мясцовасць уверх па цячэнні ракі за будучай ГЭС пад Віцебскам (у тым ліку каля Уланавічаў), якая лічыцца адной з самых чыстых зон прыгарада.
Як паведаміў «Віцебскім весткам» галоўны архітэктар абласнога цэнтра Віталь Дубік, па пляцоўцы ў Альгова ўжо распрацавана дакументацыя, да забудовы будуць прыцягвацца інвестары. Асвойваць гэтую тэрыторыю, роўна як і запасную пляцоўку пад Уланавічамі, мяркуецца па аналогіі з новым мікрараёнам Аксанёўка. Там запраектавана ўзвядзенне ў асноўным двух-трохпавярховых дамоў катэджнага тыпу і таўнхаўсаў. Разліковая колькасць насельніцтва мікрараёна перавысіць 1,2 тыс. чалавек.
Інвестарам і забудоўшчыкам Аксанёўкі выступае віцебскае ТАА «Стройгандальсэрвіс». Агульная плошча зямельнага ўчастка пад мікрараён складае амаль 90 га, больш за палову якога зоймуць жылыя дамы. Патэнцыйным новасёлам будуць прапанаваны некалькі тыпаў катэджаў і таўнхаўсаў, у мікрараёне будуць будавацца індывідуальныя дамы агульнай плошчай ад 140 кв. м да 300 кв. м у двух- і трохпавярховым выкананні. Усяго мяркуецца ўзвесці 358 жылых будынкаў. Акрамя таго, прадугледжваецца будаўніцтва шматфункцыянальнага грамадска-гандлёвага комплексу і дзіцячага садка. Што тычыцца грамадскіх будынкаў, то канчатковае рашэнне па іх будзе прымаць гарвыканкам, які выступае заказчыкам будаўніцтва.
Сяргей Анто́наў, ,,"Віцебскія весці"