Названы пераможцы літаратурнага конкурсу сярод дзяцей і моладзі «Нам жыць і памятаць», прысвечанага 70-годдзю вызвалення Віцебскай вобласці і Вялікай Перамогі

Названы победители литературного конкурса среди детей и молодежи «Нам жить и помнить», посвященного 70-летию освобождения Витебской области и Великой Победы

У мінулы аўторак у абласной бібліятэцы адбылося ўзнагароджанне пераможцаў літаратурнага конкурсу сярод дзяцей і моладзі «Нам жыць і памятаць», прысвечанага 70-годдзю вызвалення Віцебскай вобласці і Вялікай Перамогі.

Ён праведзены абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі, галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, абласнога і Віцебскага гарадскога камітэтаў БРСМ. Яго мэта – не толькі выявіць парасткі літаратурнага таленту, але і даць імпульс духоўнаму развіццю ў моладзевым асяроддзі.

У творчым спаборніцтве прынялі ўдзел 350 юных дараванняў ва ўзросце ад 13 да 16 гадоў і старэй, вучні гарадскіх і сельскіх агульнаадукацыйных устаноў. Прадстаўленыя 1070 работ на рускай і беларускай мовах ацэньвала журы з членаў абласнога аддзялення СПБ Барыса Беляжэнкі, Мікалая Наместнікава, Вольгі Русілка на чале з яго старшынёй Тамарай Красновай-Гусачэнка. Конкурс паказаў, што ў літаратурнай Віцебшчыны добры патэнцыял. Дыпломы і падарункі (кнігі, блакноты, пісьмовыя прыналежнасці) былі ўручаны 45 пераможцам. На фота – адзін з іх, вучань Каранеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Бешанковіцкага раёна Павел Уласенка, які заняў першае месца ў намінацыі «Паэзія» ў групе ўдзельнікаў ад 13 да 15 гадоў. Завяршылася ўрачыстая цырымонія, падчас якой гучалі вершы членаў журы і конкурсантаў, канцэртам мастацкай самадзейнасці.

Галіна Шпакоўская, "Віцебскія весці"