Названы пераможцы рэспубліканскага конкурсу "Найлепшая аграсядзіба 2010 года"

15 красавіка, Мінск /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу "Лепшая аграсядзіба 2010 года", арганізатарам якога з'яўляецца ААТ "Белаграпрамбанк", адбылася сёння ў Мінску падчас міжнароднай спецыялізаванай канферэнцыі "Аграэкатурызм - стан і перспектывы развіцця", перадае карэспандэнт БЕЛТА. Як адзначыў намеснік старшыні праўлення ААТ "Белаграпрамбанк" Сяргей Чугай, конкурс праводзіцца ўжо трэці год запар і стаў традыцыйным. Сёлета ў рэспубліканскім этапе конкурсу прынялі ўдзел у пяці намінацыях 27 аграсядзіб - пераможцаў абласных конкурсаў. Упершыню ў склад журы ўвайшлі гаспадары сядзіб, якія перамаглі ў мінулых конкурсах. На працягу трох апошніх тыдняў напярэдадні канферэнцыі члены журы наведалі ўсе аграсядзібы і прынялі кампетэнтнае рашэнне. Гран-пры конкурсу ўдастоена сельская сядзіба "Паўлінава" (Брэсцкая вобласць, Баранавіцкі раён), гаспадыня сядзібы - Алена Аніпчанка, якой уручаны дыплом пераможцы, сімвалічны знак аказання паслуг якасці - шкляны пеўнік, а таксама аблігацыі на Br4,5 млн. У намінацыі "Гасціннасць" пераможцам стала сядзіба "У Князева ў Любужы" (Магілёўскі раён, гаспадар - Аляксандр Князеў); у намінацыі "Зялёная сядзіба" - "Гасцявы дом Буко Юліі" (Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён); у намінацыі "Стыль і гармонія" - сялянска-фермерская гаспадарка (КФГ) "Сябры i Ка" (Віцебская вобласць, Аршанскі раён, гаспадар - Барыс Шаўцоў); у намінацыі "Захаванне беларускіх традыцый" - хутар "Ніколін востраў" (Гомельская вобласць, Светлагорскі раён, кіраўнік КФГ - Уладзімір Быхаўцаў). І ў намінацыі "Здаровы лад жыцця" лепшай прызнана КФГ "Сядзіба" (Магілёўскі раён, гаспадар - Ігар Іваеў). Пераможцаў у пяці намінацыях узнагародзілі памятнымі дыпломамі, грашовымі заахвочваннямі, а таксама каштоўнымі прызамі. Міжнародная спецыялізаваная канферэнцыя "Аграэкатурызм - стан і перспектывы развіцця" штогод праводзіцца з мэтай актывізацыі развіцця аднаго з найбольш актуальных напрамкаў турыстычнай галіны Беларусі - сельскага турызму з запрашэннямі для абмену вопытам экспертаў у гэтай сферы з шэрагу краін блізкага і далёкага замежжа. У якасці гасцей і дакладчыкаў у канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх аб'яднанняў, дыпламатычных прадстаўніцтваў замежных краін, уладальнікі сельскіх сядзіб, якія рэалізуюць праекты ў сферы аграэкатурызму. У фармаце мерапрыемства абмяркоўваліся найбольш значныя аспекты развіцця сельскага турызму як Беларусі, так і іншых краін. -0-