Незвычайныя скідкі чакаюць пакупнікоў на кірмашах-распродажах у Віцебскай вобласці

26 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Небывалыя зніжкі абяцаюць пакупнікам удзельнікі кірмашоў-распродажаў, якія 28 сакавіка пройдуць у Віцебскай вобласці, расказала карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення гандлю Віцебскага аблвыканкама Ірына Леўковіч. Больш за 150 прадпрыемстваў рэгіёну - прамысловыя, сельскагаспадарчыя, гандлёвыя - прадставяць сваю прадукцыю ва ўсіх райцэнтрах, а таксама ў Оршы, Полацку, Наваполацку, Навалукомлі. У Віцебску кірмашовы распродаж рыхтуюць 60 суб'ектаў гаспадарання. Як чакаецца, цэны на прамысловыя і харчовыя тавары будуць зніжаны ад 5 да 60%. ААТ "Віцебскдрэў" абяцае на чвэрць знізіць цану на дрэўнастружкавыя пліты і вырабы дрэваапрацоўкі, Міёрскі мясакамбінат і Віцебская бройлерная птушкафабрыка на 12% зменшаць кошт сваіх мясных вырабаў. Буйныя сельгаспрадпрыемствы будуць прадаваць бульбу, капусту і моркву па цане ў два разы ніжэйшай за звычайную. Віцебскі канцэрн "Мяса-малочныя прадукты" і "Віцебскхлебпрам" рыхтуюць пакупнікам сюрпрыз - акцыю "Самы танны тавар". Па словах Ірыны Леўковіч, кірмаш прадаставіць пакупнікам шырокую магчымасць купіць больш танны тавар. У сваю чаргу арганізатары распродажу спадзяюцца максімальна рэалізаваць свой тавар і нарасціць тавараабарот. -0-