Тыдзень беларускай мовы адкрывае навучальны год у Воршы
31 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Навучальны год у Оршы адкрывае тыдзень беларускай мовы, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны Ірына Варонава.
Назву акцыі дало шырока вядомае зварот знакамітага майстра слова Францішка Багушэвіча з прадмовы да зборніка вершаў "Дудка беларуская": "Не пакiдайце мовы беларускай, каб не умерлi!". Яе галоўная мэта - звярнуць увагу беларусаў розных узростаў, і ў першую чаргу маладых пакаленняў, да каштоўнасці сваёй роднай мовы.
У межах акцыі будзе рэалізаваны цэлы комплекс мерапрыемстваў. Гэта шматлікія кніжныя выставы і літаратурныя гасцёўні ў бібліятэках горада, музейныя святы і сустрэчы, тэматычныя экскурсіі па мясцінах, звязаных з развіццём беларускай пісьменнасці, сустрэчы з пісьменнікамі і гістарычныя ўрокі памяці. Вучні розных школ будуць задзейнічаны ў раздачы жыхарам Оршы інфармацыйных улётак з нагоды ўключэння беларускай мовы ў атлас ЮНЕСКА "Мовы свету ў небяспецы". Кульмінацыяй Тыдня беларускай мовы стане 4 верасня. У гэты дзень пройдуць літаратурныя чытанні каля помнікаў Уладзіміру Караткевічу і свята беларускай песні ў амфітэатры ў Дзіцячым парку. У гарадскім цэнтры культуры трупа Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа прадставіць пастаноўку "Пазычанае шчасце" па п'есе Фёдара Полачаніна.
Арганізатарамі акцыі з'яўляюцца Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны, аддзелы культуры і адукацыі Аршанскага гарвыканкама. Ідэя яе правядзення звязана з уключэннем у 2009 годзе беларускай мовы ў атлас ЮНЕСКА "Мовы свету ў небяспецы".-0-