Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі стартаваў у Віцебску
Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі стартаваў у Віцебску, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. Леніна Таццяна Адамян.
Акцыя накіравана на папулярызацыю дзіцячай кнігі і чытання сярод дзяцей і падлеткаў. У час яе правядзення запланаваны экскурсіі па бібліятэцы, літаратурныя вечары, гульні, конкурсы, віктарыны, выставы "Кнігі юбіляраў 2013 года", "Звонкія каплі вершаў", "Мілае сэрцу кніжка", "Жывая планета" і інш.
Таксама аддзел дзіцячай літаратуры бібліятэкі рэалізуе пяцідзённы праект "Любімая кніга дзяцінства", падчас якога людзі розных прафесій абласнога цэнтра будуць знаёміць школьнікаў са сваімі любімымі дзіцячымі кніжкамі. Так, сёння народная артыстка Беларусі Святлана Акружная правяла літаратурную сустрэчу з вучнямі сярэдняй школы №2, на якой прачытала любімы ўрывак з "Маленькага прынца" Антуана дэ Сент-Экзюперы і абмеркавала з дзецьмі кнігу.
У бліжэйшыя дні ўдзельнікамі такіх сустрэч стануць школьнікі розных узростаў іншых навучальных устаноў Віцебска, а таксама работнікі Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі, Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, бібліятэчнай сістэмы горада, урач-хірург абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. У цэнтры ўвагі будуць творы Аркадзя Гайдара, Эдуарда Успенскага, Сяргея Міхалкова, Рыгора Барадуліна і іншых пісьменнікаў.
"Жывыя зносіны з паспяховымі людзьмі старэйшых пакаленняў падчас абмеркавання і абмену ўражаннямі аб дзіцячых кнігах дазволяць павысіць цікавасць дзяцей да чытання, зробяць іх знаёмства з рознымі аўтарамі больш яркім і запамінальным", - пераканана Таццяна Адамян.