Тыдзень франкафоннага кіно стартуе ў Віцебску

Тыдзень франкафоннага кіно пройдзе ў Віцебску з 16 па 22 мая на базе кінатэатра "Мір", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар установы Таццяна Екамасава.


Сёлетняя праграма франкафоннага кіно ўпершыню арганізавана сумесна з пасольствамі Балгарыі, Румыніі і Швейцарыі. У Віцебску можна будзе ўбачыць 8 карцін 1999 - 2012 гадоў. Усе фільмы будуць суправаджацца субтытрамі на рускай мове.


Адкрые тыдзень анімацыйны фільм сумеснай французска-італьянскай вытворчасці "Керыці, жыллё казак" (рэжысёр Дамінік Манферы). "Дзіцячыя фільмы карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў нашых гледачоў. Традыцыйна на сеансы прыходзяць навучэнцы віцебскіх гімназій, якія вывучаюць французскую мову. Таму мультыплікацыйны фільм будзе ісці на дзённых сеансах два дні запар", - падкрэсліла Таццяна Екамасава.
Увечары ў дзень адкрыцця публіка ўбачыць французскую драму "Тыя, хто застаюцца" (рэжысёра Ан Ле Ні), 17 мая ў праграме румынская кінастужка "Усё астатняе - гэта маўчанне" (рэжысёр Нае Каранфіл). Таксама кінаманы ўбачаць швейцарскі фільм "Гульня кахання і выпадку" рэжысёрскага дуэта Алена Хазанава, Жан Лермье. У кінатэатры "Мір" будзе дэманстравацца фільм сумеснай вытворчасці Францыя-Бельгія-Чад "Чалавек, які крычыць", рэжысёр Махамат-Салех Харун. У афішы франкафоннага кіно і фільм "Аванці! (Avanti)" (рэжысёр Эмануэль Антый), карціна Івана Нічава "Пасля канца свету" вытворчасць "Балгарыя-Германія-Грэцыя. І завершыцца тыдзень франкафоннага кіно ў Віцебску фільмам "Бацька маіх дзяцей" - рэжысёр Мія Хансен-Лёве, вытворчасць Францыя-Германія.

БЕЛТА