Тыдзень казахскага кіно адкрываецца ў Віцебску

У Віцебску сёння адкрываецца Тыдзень казахскага кіно, прысвечаны Дню Першага Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан і 20-годдзю ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Казахстан, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у кінатэатры "Мір", дзе пройдуць усе паказы.

Кінапраграма ўключае восем разнапланавых карцін, якія дазволяць гледачам пазнаць Казахстан з розных бакоў. Сярод іх паэтычная народная легенда "Кыз-Жыбек", народныя драмы "Жаужурэк мын бала" і "Бывай, Гульсары" па аповесці Чынгіза Айтматава, драма пра лёс і жыццё легендарнага палітыка першай чвэрці 20-га стагоддзя Мустафы Шокая, культавы фільм "Падарунак Сталіну", карціна пра цяперашнюю залатую моладзь "Казка пра ружовага зайца" і стужка, заснаваная на рэальных падзеях і прысвечаная ўсім эмігрантам свету, "Жэруйык". 25 верасня ў 19.00 з удзелам Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Казахстана ў Беларусі, прадстаўнікоў мясцовых органаў улады адбудзецца дэманстрацыя фільма пра дзяцінства і юнацтва Нурсултана Назарбаева "Неба майго дзяцінства". Усе карціны будуць дэманстравацца на рускай мове, яны адрозніваюцца цікавай і глыбокай падачай матэрыялу, адзначылі ў кінатэатры.

Тыдзень казахскага кіно праводзіцца ў Віцебску ўпершыню пры падтрымцы пасольства Казахстана ў Беларусі і закліканы садзейнічаць далейшаму ўмацаванню адносін Беларусі і Казахстана.