Тыдзень аховы працы пройдзе ў Віцебскай вобласці з 22 па 26 лістапада
9 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Тыдзень аховы працы пройдзе ў Віцебскай вобласці з 22 па 26 лістапада, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржінспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сяргей Ануфрыеў.
Акцыя заклікана прыцягнуць увагу работнікаў да прычын вытворчага траўматызму, неабходнасці прывядзення працоўных месцаў у адпаведнасць з патрабаваннямі норм і правіл па ахове працы. З гэтай мэтай на працягу тыдня на прадпрыемствах рэгіёна будуць праводзіцца масавыя інструктажы работнікаў, абследаванні іх працоўных месцаў, арганізоўвацца выступленні спецыялістаў. Шырока будзе асвятляцца гэтая тэма ў СМІ.
Нагодай для правядзення акцыі стала павышэнне ўзроўню вытворчага траўматызму. Па аператыўных даных, за студзень-кастрычнік 2010 года ў вобласці загінулі 20 работнікаў, 76 чалавек цяжка траўмаваны, што адпаведна на 25% і 26,6% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У арганізацыях камунальнай формы ўласнасці ўзровень цяжкага траўматызму вырас з 16 да 25 выпадкаў. Больш за 48% няшчасных выпадкаў абумоўлена нізкай вытворчай і выканаўчай дысцыплінай. Пры гэтым найбольш складаная абстаноўка складваецца ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу, будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і недзяржаўнага сектара эканомікі.-0-