Тыдзень памяці Пятра Машэрава пройдзе 11-17 лютага ў Віцебскай вобласці

Неделя памяти Петра Машерова пройдет 11-17 февраля в Витебской области

Шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя 95-годдзю з дня нараджэння Пятра Міронавіча Машэрава, пройдуць у гэтыя дні ва ўсіх рэгіёнах вобласці. Так, запланаваны памятныя вечарыны, літаратурныя экспазіцыі ў бібліятэках, фотадакументальныя выставы ў музеях. Найбольш цікавыя з іх разгорнуцца ў месцах, звязаных з жыццём Машэрава. У Музеі баявой садружнасці ў Расонскім раёне, дзе Машэраў працаваў настаўнікам матэматыкі і фізікі, а ў гады вайны кіраваў партызанскім падполлем, будзе прэзентавана выстава "Вечнай памяццю жывы". У экспазіцыі прадстаўлены яго асабістыя рэчы, падарункі, кнігі і друкаваныя выданні пра жыццё і дзейнасць. Сенненскі гісторыка-краязнаўчы музей правядзе заняткі, якія дазволяць школьнікам і навучэнцам горада бліжэй пазнаць свайго знакамітага земляка. Тэматычныя класныя і інфармацыйныя гадзіны пройдуць таксама ва ўстановах прафтэхадукацыі вобласці.

Шмат цікавых біяграфічных фактаў будзе агучана 12 лютага ў Віцебскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі, дзе адбудуцца абласныя краязнаўчыя чытанні, прысвечаныя юбілею Машэрава. 13 лютага пройдзе ўскладанне кветак да яго бюста па вуліцы Замкавай. Тут стартуе зорная эстафета памяці, увечары святочныя мерапрыемствы працягнуцца ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце, які носіць імя Пятра Машэрава з 1998 года. У сценах гэтай навучальнай установы Машэраў у далёкія 1935-1939 гады атрымаў вышэйшую адукацыю. Цяпер ВНУ беражліва захоўвае памяць пра свайго выпускніка. Праграма вечара, падрыхтаваная цяперашнімі студэнтамі ВДУ сумесна з выкладчыкамі, уключае відэарады пра жыццё Машэрава, творчыя выступленні. Сваімі ўспамінамі з моладдзю падзеляцца ветэраны і запрошаныя сваякі Машэрава.

Мерапрыемствы, прысвечаныя 95-годдзю з дня нараджэння Пятра Машэрава, будуць праводзіцца ў вобласці на працягу ўсяго лютага.

Пётр Міронавіч Машэраў нарадзіўся ў 1918 годзе ў вёсцы Шыркі Сенненскага раёна. У жніўні 1941 года арганізаваў і ўзначаліў падполле ў Расонах, з красавіка 1942-га быў камандзірам партызанскага атрада імя М.А.Шчорса, з сакавіка 1943-га - камісарам партызанскай брыгады імя К.К.Ракасоўскага. Першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі з 1965 года, кандыдат у члены Палітбюро ЦК КПСС з 1966 года. Герой Савецкага Саюза (15.8.1944), Герой Сацыялістычнай Працы (1978). З'яўляўся выдатным савецкім партыйным дзеячам, які карыстаўся вялікай папулярнасцю і падтрымкай у насельніцтва.

Трагічная гібель Машэрава 4 кастрычніка 1980 года ў аўтакатастрофе (у яго машыну ўрэзаўся гружаны бульбай самазвал) выклікала вялікі рэзананс у грамадстве.