Тыдзень памяці У.Караткевіча стартуе 22 лістапада ў Воршы
8 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Тыдзень памяці Уладзіміра Караткевіча пройдзе з 22 па 28 лістапада ў Оршы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Музейным комплексе гісторыі і культуры Аршаншчыны.
Мерапрыемства прысвечана 80-годдзю з дня нараджэння пісьменніка і заклікана аддаць даніну павагі яго таленту. Адкрые тыдзень цыкл радыёперадач "Пяць хвілін з Уладзімірам Караткевічам", якія будуць гучаць у эфіры штодня, і літаратурная акцыя "Жыву і дыхаю, мой родны край, табою". У гэтыя ж дні пройдуць шматлікія цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў гарадскіх паэтычных і мастацкіх конкурсаў, віктарын, прысвечаных творчасці знакамітага земляка, адбудуцца прэзентацыі кніг і выстаў. 25-26 лістапада пісьменнікаў Віцебска і Оршы аб'яднаюць абласныя Дні літаратуры.
Значнымі падзеямі ў гэты перыяд у Оршы стануць адкрыццё абноўленай экспазіцыі музея сярэдняй школы №3, якая першай у Беларусі пачала працу па ўвекавечанні памяці У.Караткевіча, а таксама паказ спектакля "Ладдзя роспачы" трупай Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа. Дэманстрацыя гэтай пастаноўкі была адноўлена коласаўцамі 5 лістапада спецыяльна да юбілею пісьменніка.
Уладзімір Караткевіч стаў першым беларускім пісьменнікам, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыва. За раман "Чорны замак Альшанскі" ён удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа. З'яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі СП БССР імя Івана Мележа за раман "Нельга забыць", адзначаны ордэнам Дружбы народаў. Творы аўтара адрозніваюцца яркімі вобразамі, захапляльным дынамічным сюжэтам. За майстэрства напісання і глыбіню праграмнымі для вывучэння ў школе сталі "Каласы пад сярпом тваім", "Дзікае паляванне караля Стаха", "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", "Сівая легенда". Многія творы Уладзіміра Караткевіча атрымалі другое жыццё ў кінематографе.-0-