Тыдзень памяці Уладзіміра Караткевіча пачаўся ў Воршы

23 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Оршы стартаваў Тыдзень памяці Уладзіміра Караткевіча. Марафон розных мерапрыемстваў, якія чакаюць у гэтыя дні аршанцаў і гасцей горада, прысвечаны 79-годдзю з дня нараджэння вядомага пісьменніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Музейным комплексе гісторыі і культуры Аршаншчыны. Да 29 лістапада штодня ў Оршы будуць праводзіцца літаратурныя сустрэчы і вечары ў розных навучальных установах, тэматычныя экскурсіі, музейныя заняткі, выставы. Шмат прыемных уражанняў атрымаюць удзельнікі гэтых падзей падчас сустрэч з пісьменнікамі і паэтамі Віцебшчыны, творчай моладдзю. Асноўныя мерапрыемствы Тыдня памяці адбудуцца 26 лістапада – у дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Паводле даўняй традыцыі ўжо 17 гадоў запар у гэты дзень ля помніка таленавітаму майстру слова адкрыюцца літаратурныя чытанні "І не знікаць паэтам вечна...". Мерапрыемства збярэ прыхільнікаў творчасці знакамітага аршанца, пісьменнікаў, грамадскасць. Сваю праграму "Плынь разняволеных пачуццяў" удзельнікам чытанняў прадставіць таксама творчая моладзь. Арганізатарамі Тыдня памяці Уладзіміра Караткевіча выступаюць Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны, Аршанскі музей У.С.Караткевіча. Уладзімір Караткевіч стаў першым беларускім пісьменнікам, які працаваў у жанры гістарычнага дэтэктыва. За раман "Чорны замак Альшанскі" ён удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа. З'яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі СП БССР імя Івана Мележа за раман "Нельга забыць", адзначаны ордэнам Дружбы народаў. Творы аўтара адрозніваюцца яркімі вобразамі, займальным дынамічным сюжэтам. За майстэрства напісання і глыбіню праграмнымі для вывучэння ў школе сталі "Каласы пад сярпом тваім", "Дзікае паляванне караля Стаха", "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", "Сівая легенда". Многія з твораў Уладзіміра Караткевіча атрымалі другое жыццё ў кінематографе.-0-