Няскончаны музей Ігната Буйніцкага ў Глыбоцкім раёне выстаўлены на таргі

13 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Незавершаны музей Ігната Буйніцкага ў вёсцы Празарокі Глыбоцкага раёна выстаўлены на таргі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела аўкцыёнаў і конкурсаў Віцебскага абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасці "Віцебскаблмаёмасць" Ларыса Шчаглова. Незавершаны аб'ект будаўніцтва можна будзе набыць з аўкцыёну за адну базавую велічыню 20 красавіка (цяпер адна базавая велічыня складае Br35 тыс.). Пакупніку трэба будзе арганізаваць тут прадпрымальніцкую дзейнасць і стварыць новыя працоўныя месцы. Як адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА першы намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Віналій Петкевіч, дом-музей заснавальніка беларускага прафесійнага тэатра было вырашана пабудаваць на яго радзіме ў Глыбоцкім раёне ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Тады быў закладзены падмурак будынка і ўзведзена адна сцяна вышынёй крыху больш за метр, аднак з-за адсутнасці сродкаў завяршыць будаўніцтва і адкрыць музей так і не ўдалося. Нягледзячы на тое, што даўгабуд выстаўлены на таргі, мясцовыя ўлады не маюць намеру адмаўляцца ад ідэі ўшанавання памяці свайго земляка. Па словах Віналія Петкевіча, разглядаецца пытанне аб выдзяленні пад выставачную экспазіцыю памяшкання або асобнага будынка ў Празароках, дзе пачынала выступаць трупа Буйніцкага. У 2008 годзе "Віцебскаблмаёмасць" за адну базавую велічыню прадала 55 невыкарыстоўваных будынкаў у малых гарадах і сельскай мясцовасці. Першы аўкцыён у гэтым годзе, які прайшоў 3 красавіка, таксама аказаўся выніковым. Будынак былога гандлёвага цэнтра ў вёсцы Гілі Чашніцкага раёна, які пуставаў, прададзены за Br525 тыс., што амаль у 3 разы вышэй за першапачатковы кошт. На думку Ларысы Шчагловай, попыт на невыкарыстоўваемую нерухомасць абумоўлены ўмовамі, якія дзяржава стварыла для развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы на вёсцы і ў малых гарадах.-0-