Нафта і нафтапрадукты ў 2011 годзе будуць паступаць у Беларусь з Расіі бяспошлінна і без абмежавання аб'ёмаў
21 снежня, Мінск /Лілія Крапівіна - БЕЛТА/. Нафта і нафтапрадукты ў 2011 годзе будуць паступаць у Беларусь з Расіі без мытных пошлін і без абмежавання аб'ёмаў пасля ратыфікацыі Беларуссю адпаведнага пагаднення па ЕЭП. Пра гэта заявіў сёння намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Андрэй Кабякоў у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, прадстаўляючы пакет дакументаў па фарміраванні Адзінай эканамічнай прасторы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Для ратыфікацыі ў Палату прадстаўнікоў прадстаўлены праект закона Рэспублікі Беларусь "Аб ратыфікацыі Пагаднення аб парадку выплаты і залічэння вывазных мытных пошлін (іншых пошлін, падаткаў і збораў, якія маюць эквівалентнае дзеянне) пры вывазе з тэрыторыі Беларусі за межы мытнай тэрыторыі Мытнага саюза нафты сырой і асобных катэгорый тавараў, выпрацаваных з нафты".
Гэтым пагадненнем устаноўлены новыя ўмовы пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь. Таксама ўрэгуляваны пытанні спагнання і пералічэння ў бюджэт Расіі вывазных мытных пошлін пры вывазе з тэрыторыі Беларусі за межы Мытнага саюза нафты сырой і асобных тавараў з вуглевадароднай сыравіны. Андрэй Кабякоў нагадаў, што дадзенае пагадненне было падпісана кіраўнікамі дзяржаў Мытнага саюза 9 снежня. Ён таксама паведаміў, што з 2007 года Беларусь купляла нафту ў Расіі з улікам мытных пошлін. Быў вызначаны каэфіцыент на нафту. З кожным годам ён мяняўся, у 2008 годзе ён складаў 0,336, у 2009-м - 0,356. Пры гэтым нафтапрадукты былі без мытных пошлін. У 2010 годзе Беларусь атрымлівае нафту з Расіі з поўнай выплатай мытных пошлін, акрамя бяспошліннай квоты 6,3 млн.т. Таксама спаганяюцца мытныя пошліны на нафтапрадукты.
Ратыфікацыя пагаднення аб парадку выплаты і залічэння экспартных пошлін дазволіць увесці новы механізм. Нафта і нафтапрадукты будуць паступаць у Беларусь без мытных пошлін і без абмежаванняў аб'ёмаў.
Андрэй Кабякоў паведаміў, што ў ходзе перамоваў з расійскім бокам па пытанні бяспошліннай пастаўкі сырой нафты разглядаліся розныя варыянты размеркавання вывазных мытных пошлін на нафту сырую і на нафтапрадукты. Расійскі бок настойваў на выплаце ў яго бюджэт усяго аб'ёму пошлін на нафту сырую і нафтапрадукты, якія вывозяцца з Беларусі за межы Мытнага саюза. У тым ліку і па нафце сырой, здабываемай у Беларусі, і па нафтапрадуктах, выпрацаваных з беларускай нафты. Такім быў першапачатковы пазіцыя, удакладніў Андрэй Кабякоў. Беларускі бок прапаноўваў устанавіць размеркаванне пошлін на нафту сырую і нафтапрадукты ў справядлівай прапорцыі, зыходзячы з існуючых розных умоў выхаду светлых і цёмных нафтапрадуктаў пры перапрацоўцы нафты ў Беларусі і Расіі. У выніку перамоваў быў вызначаны кампрамісны, больш просты варыянт. Ён прадугледжвае, што пошліна ад экспарту беларускай сырой нафты паступае ў бюджэт Рэспублікі Беларусь, а пошліна ад экспарту нафтапрадуктаў - у бюджэт Расійскай Федэрацыі.-0-