Нафтахімічны кластар плануюць стварыць у Наваполацку

Адпаведная дамова паміж гарвыканкамам, ААТ «Нафтан» і Полацкім дзяржаўным універсітэтам была днямі падпісана ў нафтаградзе ў прысутнасці намесніка прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Сямашкі.

Як адзначыў віцэ-прэм'ер, неабходнасць у аб'яднанні вытворчасці, навукі і кіраўніцкага апарату назрэла даўно. Кластарная стратэгія не толькі павысіць эфектыўнасць працы ўдзельнікаў такога саюза, але і дасць імпульс актывізацыі інавацыйных працэсаў у рэгіёне і рэспубліцы ў цэлым.

Цяпер завяршаецца мадэрнізацыя «Нафтана». Кошт інвестпраектаў па тэхнічным пераўзбраенні прадпрыемства, якое плануецца завяршыць да 2019 года, – 1 млрд 715 млн долараў. Ужо асвоена 1,3 млрд.

Пасля ўводу сёлета комплексу запаволенага каксавання глыбіня перапрацоўкі нафты дасягне 90%, адбор светлых нафтапрадуктаў – 77%. Гэта высокі вынік, падкрэсліў Уладзімір Сямашка. Стаіць задача павялічыць аб'ёмы і асвоіць новую прадукцыю, чаму будзе спрыяць кластарны механізм.

"Віцебскія весці". Фота з адкрытых крыніц.