Адмову ад вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі падрыхтавалі загадзя - А.Лукашэнка

30 снежня, Мінскі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Негатыўная ацэнка вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі была падрыхтавана загадзя. Аб гэтым сёння, адказваючы на пытанні журналістаў, заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У прыватнасці, у Аляксандра Лукашэнкі пацікавіліся, якім будзе шлях незалежнай Беларусі ў бліжэйшыя гады і як будуць выбудоўвацца адносіны з партнёрамі на Захадзе і Усходзе на тым знешнепалітычным фоне, які склаўся пасля беспарадкаў, учыненых апазіцыяй 19 снежня. Прэзідэнт адзначыў, што як незалежная краіна Беларусь існуе ўжо больш за паўтара дзясятка гадоў. "Вы памятаеце, каб мы развіваліся на нармальным знешнепалітычным і эканамічным фоне? У нас заўсёды былі праблемы, і праблемы былі не толькі ў нас", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, прычына гэтага ў тым, што на месцы адной дзяржавы з'явілася 15, "а месца для іх зарэзервавана не было". "Камусьці трэба было пасунуцца, і да гэтага часу камусьці даводзіцца крыху пасунуцца ў гэтым цесным свеце. Таму ўсе праблемы адсюль, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Нікому не трэба, ні Расіі, ні Польшчы, ні Германіі, паспяховая дзяржава, якая пазіцыянуе сябе як суверэнная і незалежная. Але гэта трэба нам. Адсюль вось гэтыя асноўныя супярэчнасці. Ну а нагоду і нават прычыну знайсці можна, каб нахіліць, тым больш, нашу краіну". Што тычыцца негатыўных ацэнак вынікаў выбараў, Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да журналістаў, адзначыў: "Вы, як і я, адчулі, што мы ўжо такую дэмакратыю тут развялі, што далей няма куды. І мы ж ведаем аб'ектыўныя ацэнкі нашых выбараў. Тое, што яны прыехалі сюды з загадзя напісаным тэкстам, - скажу шчыра, я за месяц да выбараў гэты тэкст чытаў. У нас выбары яшчэ не адбыліся, а яны ўжо гэты тэкст напісалі. Ну, крыху лепш, чым у мінулыя выбары". Таму, лічыць Прэзідэнт, "трэба было чымсьці прыкрыцца, абгрунтаваць гэты негатыў". Такім прыкрыццём, па яго словах, і сталі падзеі, якія адбыліся ўвечары ў Мінску 19 снежня. "Але, па-першае, гэта было пасля выбараў. Па-другое, якое гэта мае дачыненне, дапусцім, да галасавання? Ніякага, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Але ім так хацелася, яны гэта даўно запланавалі. Таму галоўны ўрок, які я здабываю: мы ім там (на Захадзе. - Заўвага. БЕЛТА) абсалютна не патрэбныя. Нас хочуць бачыць слабымі, а слабы паспяховым не будзе. Паважаюць толькі моцных. Слабымі мы не будзем". "Калі яны гатовыя бачыць такую Беларусь у цэнтры Еўропы, мы з задавальненнем будзем з імі супрацоўнічаць. Калі яны шукаюць нагоду для таго, каб застацца ў гэтым контрпрадуктыўным канфрантацыйным полі, мы змяніць іх не можам. Таму гэта іх справа. Пажывём - пабачым", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-