Нелегальны шклоачышчальнік на Br160 млн. канфіскаваны на аўтазаправачных станцыях Віцебскай вобласці

З раздробнай сеткі аўтазаправачных станцый у Віцебскай вобласці канфіскаваны нелегальны сродак для мыцця шкла на суму больш за Br160 млн., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзяленні інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю УУС Віцебскага аблвыканкама.

Рэйдавая група аддзялення ДАІ Віцебскага РАУС падчас абследавання аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу і гандлю выявіла рэалізацыю ў гандлёвай сетцы аўтазаправачных станцый спіртазмяшчальнай вадкасці для мыцця шкла, не маркіраванай ва ўстаноўленым парадку акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь. Рабочая група, у якую ўвайшлі прадстаўнікі АБЭЗ Віцебскага РАУС і УДФР КДК па Віцебскай вобласці, правяла канфіскацыю з раздробнай сеткі больш за 100 каністраў ёмістасцю па 5 л кожная.

Як стала вядома, дадзены тавар на рэалізацыю пастаўляў віцебскі прадпрымальнік. У ходзе праверкі складскіх памяшканняў сумесна з супрацоўнікамі інспекцыі МПС Кастрычніцкага раёна Віцебска быў выяўлены і задакументаваны факт захоўвання каля 3 тыс. ёмістасцей нізкатэмпературнай вадкасці для мыцця шкла вытворчасці Расійскай Федэрацыі без адпаведнай маркіроўкі. Нелегальная партыя ацэньваецца на суму больш за Br160 млн. Правапарушальніку пагражае адміністрацыйная адказнасць па арт.12.35 (парушэнне патрабаванняў заканадаўства аб маркіроўцы тавараў кантрольнымі (ідэнтыфікацыйнымі) знакамі) КоАП у выглядзе штрафных санкцый з канфіскацыяй тавару.

БЕЛТА