Нямецкія пілоты ўпершыню возьмуць удзел у чэмпіянаце СНД па верталётным спорце ў Віцебску

29 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Экіпажы з Беларусі, Расіі і Германіі прымуць удзел у адкрытым чэмпіянаце СНД па верталётным спорце 31 ліпеня - 2 жніўня ў Віцебску. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік упраўлення паветраным рухам вучэбна-спартыўнай установы "Віцебскі аэраклуб імя А.Гараўца" ДТСААФ Аляксандр Грышчанка.

Спаборніцтвы пройдуць на базе Віцебскага аэраклуба. У неба паднімуцца 17 экіпажаў, якія разыграюць галоўныя ўзнагароды спаборніцтваў у асабістым і камандным заліках. Упершыню канкурэнцыю беларускім і расійскім майстрам пілатажу складзе экіпаж з Германіі на верталёце "Х'юз".

У складзе беларускай каманды выступяць віцебскі сямейны экіпаж - бацька і сын Анатоль і Сяргей Дзятлавы, а таксама жаночы экіпаж Віцебскага аэраклуба - майстры спорту міжнароднага класа Ірына Гарэлышава і Тамара Стэльмах. Расійскія пілоты з Масквы, Серпухава (Маскоўская вобласць) і Саратава прыбудуць у Віцебск на верталётах Мі-2 і Робінсан R44.

Праграма чэмпіянату адкрыецца паказам самага відовішчнага практыкаванні - слалама: груз на фале даўжынёй 11 м неабходна будзе правесці праз 12 варот на зямлі, пасля чаго ўсталяваць яго ў цэнтр стала плошчай 1 кв.м. Акрамя таго, лётчыкі пазмагаюцца ў палётах на дакладнасць, развозцы грузаў і навігацыі.

Па выніках выступлення беларускіх пілотаў плануецца вызначыць склад нацыянальнай зборнай для ўдзелу ў адкрытых чэмпіянатах Расіі і Украіны па верталётным спорце ў жніўні і верасні 2009 года.-0-