Нямецкі інвестар укладзе каля 70 млн. еўра ў праект па перапрацоўцы смецця ў Віцебску
20 сакавіка, Віцебск /Вольга Давыдава - БЕЛТА/. ЗАТ "Віцебскі завод палімерных вырабаў" ажыццявіць праект па раздзельным зборы, сартаванні і перапрацоўцы цвёрдых бытавых камунальных адходаў. На яго рэалізацыю нямецкі інвестар накіруе каля 70 млн. еўра, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар завода Юрый Галыкін.
Раздзельны збор адходаў прадугледжвае сартаванне смецця па двух кантэйнерах. У адзін будуць складацца шкло, пластык, папера, тэкстыль. Другі прызначаны для харчовых і моцна забруджаных адходаў, небяспечнага і непрыдатнага для перапрацоўкі смецця. Затым кантэйнеры вывозяцца на смеццесартавальны завод. Тут пасля другаснага сартавання частка адходаў будзе накіравана на другасную перапрацоўку. Смецце, непрыдатнае для перапрацоўкі, будзе ўпакоўвацца ў спецыяльную поліэтыленавую плёнку і складацца на палігонах. За кошт гэтага памер палігонаў можна будзе паменшыць у сем-восем разоў. Пры гэтым у далейшым кубы з адходамі можна перапрацоўваць на смеццеспальчальных заводах. "Віцебскае прадпрыемства ўжо атрымала такія прапановы з Аўстрыі. Яны яшчэ і грошы гатовыя за гэта плаціць", - адзначыў кіраўнік.
Праект плануецца ажыццявіць у некалькі этапаў на працягу пяці гадоў. Адразу плануецца наладзіць раздзельны збор смецця ў гарадах вобласці, набыць для гэтага спецыяльную тэхніку і абсталяванне, правесці шырокую асветніцкую працу сярод насельніцтва. Наступны этап - сартаванне, а затым ужо перапрацоўка.
Рэалізацыя праекта дазволіць арганізаваць паглыбленую перапрацоўку бытавых адходаў, стварыць каля 300 працоўных месцаў, завод зможа атрымаць фактычна бясплатную сыравіну для вытворчасці прадукцыі другаснай перапрацоўкі. Акупнасць праекта складае ад 3 да 5 гадоў.
Прадпрыемства заснавана ў 2000 годзе. Спецыялізуецца на перапрацоўцы цвёрдых бытавых адходаў, з другаснай сыравіны выпускае поліэтыленавую плёнку, палімерную сыравіну.-0-