З цэхаў Віцебскага мотаварамонтнага завода неперапынным канвеерам у гаспадаркі вобласці ідзе тэхніка, без якой не абысціся ў пасяўную.
Па словах дырэктара прадпрыемства Віктара Масалава, за чатыры месяцы – з пачатку рамонтнага сезона – на завод паступіла 515 адзінак рухавікоў, 19 з якіх – да энергонасычаных трактароў. За гэты час 479 адрамантавана, 417 адгружана, уключаючы 10 «Дэтройтаў». 8 з 11 камбінаваных глебаапрацоўча-пасяўных агрэгатаў, што знаходзяцца ў рамонце, ужо вернуты заказчыкам пасля рамонту, яшчэ 2 шасціметровыя пасяўныя агрэгаты гатовыя да рэалізацыі. Адрамантаваны і ўжо вярнуліся ў гаспадаркі 3 з 7 пасяўных агрэгатаў «Цыркон».
Доля рамонту рухавікоў, вядома, змяншаецца па меры абнаўлення машынна-трактарных паркаў сельгасарганізацый магутнай энергонасычанай тэхнікай. На ВМРЗ паступаюць у асноўным рухавікі Яраслаўскага і Мінскага маторных заводаў, а таксама фірмаў «Дэтройт» і «Дойц», каробкі перадач трактароў К-700, К-701, «Беларус-3022». Завадчане працуюць у асноўным для патрэб аграпрамысловага комплексу вобласці, хоць прымаюць заказы і з іншых рэгіёнаў краіны, і з Расійскай Федэрацыі. Тэрміны рамонту работнікі прадпрыемства максімальна памяншаюць, разумеючы, што ад гэтага залежыць своечасовасць і якасць сяўбы.
Кацярына АНЕЧКІНА,«Віцебскі рабочы»