Непрыватызаваныя кватэры можна перавесці ў разрад сацыяльнага жылля
Кватэры, не прыватызаваныя да 1 ліпеня 2016 года, будуць уключаны ў склад камерцыйных (арэндных). Але ёсць магчымасць перавесці іх у разрад сацыяльнага жылля.
– Такая норма прадугледжана Указам №563 «Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін» ад 16 снежня 2013 года. Напісаць заяву і перавесці сваю кватэру ў разрад сацыяльнага жылля могуць пенсіянеры, інваліды, ветэраны, сіроты, шматдзетныя сем'і і іншыя грамадзяне, якія маюць льготы. Ва ўказе пералічаны ўсе 19 катэгорый, – распавяла начальнік аддзела бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці ўпраўлення ЖКГ аблвыканкама Наталля Яцук.
Аднак пры гэтым трэба памятаць, што сацыяльнае жыллё немагчыма прыватызаваць, нельга пакінуць па спадчыне. Камерцыйнае жыллё пры пэўных умовах (10 гадоў пражывання ў ім, яно выдзелена па чарзе ад прадпрыемства і г.д.) чалавек з часам можа выкупіць ва ўласнасць.
Спецыяліст адзначыла, што адмова ад заключэння дагавора найма жылога памяшкання камерцыйнага выкарыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду не вызваляе жыльцоў ад унясення платы за карыстанне такім жыллём, якая будзе залежаць ад плошчы кватэры, базавай велічыні і каэфіцыента дадзенага населенага пункта.
Згодна з Пастановай Саўміна №1297 наяўнасць без уважлівых прычын двухмесячнай запазычанасці па аплаце за карыстанне арэнднай кватэрай і (або) за жыллёва-камунальныя паслугі можа стаць падставай для скасавання дагавора найму. Гэта значыць, што даўжніка і членаў сям'і, якія пражываюць з ім, маюць права выселіць на вуліцу або не працягнуць з ім дагавор, калі дакумент быў заключаны на пэўны тэрмін, які заканчваецца.
– Вядома, папярэдне мы ўзважваем усе "за" і "супраць". Затым накіроўваем папярэджанне аб неабходнасці правесці аплату на працягу месяца. Калі гэтага не адбываецца і ўважлівых прычын для затрымкі плацяжоў няма, звяртаемся ў суд з іскавай заявай аб высяленні. Атрымліваецца, у няплацельшчыка пасля двух месяцаў запазычанасці ёсць, па сутнасці, яшчэ адзін месяц для ўнясення неабходных сродкаў, – расказала Наталля Яцук.
Выселіць з уласнай кватэры нават злоснага неплацельшчыка даволі праблематычна. У прыватнасці, згодна з арт. 155 Жыллёвага кодэкса папярэджанне аб неабходнасці заплаціць па рахунках яму могуць накіраваць толькі пры наяўнасці 6-месячнай запазычанасці, а пасля ўступлення ў законную сілу рашэння суда аб прымусе ўласніка жылога памяшкання да яго адчужэння даецца яшчэ адзін год на пагашэнне доўгу або продаж кватэры.
Кожны прымае рашэнне самастойна, але ў тых, хто жадае аформіць права ўласнасці на сваю кватэру, да 1 ліпеня 2016 г. ёсць такая магчымасць, нагадала спецыяліст.
Алена Алімава, «Віцебскія весці».