Неабыякавыя беларусы арганізавалі дабрачынную акцыю ў дзіцячых прытулках Віцебскай вобласці

5 жніўня, Мінск /Крысціна Курловіч - БЕЛТА/. Дабрачынная акцыя, арганізаваная неабыякавымі дарослымі, "Усё лепшае - дзецям" прайшла сёння ў дзіцячых сацыяльных прытулках трох раёнаў Віцебскай вобласці: Бешанковіцкім, Лепельскім і Чашніцкім, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. 

У падарунак дзіцячым установам удзельнікі акцыі прывезлі сёння новы камп'ютар, пыласос, музычны цэнтр, халадзільнік, мэблю, дывановыя вырабы і цацкі. Ва ўрачыстай абстаноўцы падарункі ўручылі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анфім Міхалевіч і кіраўнікі выканкамаў.

"На шчасце, у нашай краіне шмат неабыякавых людзей, якія прымаюць блізка да сэрца дзіцячую крыўду і боль. Гэтыя людзі заўсёды гатовыя прыйсці да іх на дапамогу", - сказаў Анфім Міхалевіч. Дарэчы, менавіта па яго ініцыятыве была арганізавана дабрачынная акцыя. Ідэю яе правядзення падтрымалі кіраўнікі шэрагу прадпрыемстваў і ўстаноў, кіраўніцтва Упраўлення справамі Прэзідэнта Беларусі і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.-0-