На форуме «Беларусь. Моладзь. Спадчына» у Віцебску сабраліся некалькі сотняў дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны

Сучасная моладзь поўная свежых ідэй і крэатыўных рашэнняў. Такое меркаванне выказаў на дыялогавай пляцоўцы «Моладзь Беларусі — памятаючы мінулае, рухаемся ў будучыню» другі сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Прохараў. Ён перакананы, што сёння трэба ўдасканальваць састарэлыя падыходы і ў фармаце дыскусіі абмеркаваць актуальныя моладзевыя пытанні і пачуць меркаванне кожнага.

— Вядома, сёння ёсць пытанні, якія патрабуюць аператыўнага ўмяшання і больш пільнай увагі, як з боку дзяржда органаў, так і вядучай моладзевай арганізацыі, — лічыць Аляксандр Прохараў. — Мы выпрацавалі новую стратэгію развіцця арганізацыі. У ліку прыярытэтных напрамкаў — грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, студатрадаўскі рух, прапаганда здаровага ладу жыцця, развіццё валанцёрскага руху, праца ў інфармацыйнай прасторы, прававое выхаванне і многія іншыя.


Фармат сустрэчы дазволіў кожнаму выказаць сваю кропку гледжання, абмяняцца думкамі. Актывісты моладзевай арганізацыі гаварылі пра гуманітарную дапамогу бежанкам з Украіны, працаўладкаванне, моладзевае прадпрымальніцтва і не толькі. Віцябляне прэзентавалі некалькі сваіх праектаў.


Падводзячы вынікі, першы сакратар абкама БРСМ Уладзімір Бабічаў адзначыў, што сучасная моладзь хоча бачыць сваю краіну мірнай і квітнеючай, а таксама ганарыцца сваім паходжаннем і гісторыяй.
— Упэўнена скажу, моладзь Беларусі памятае мінулае і ўпэўнена рухаецца ў будучыню, — сказаў Уладзімір Бабічаў. — Мы шукаем формы, каб накіраваць моладзевы патэнцыял на стварэнне. Трэба аддаць належнае юнакам і дзяўчатам, якія нягледзячы ні на што шукаюць шляхі вырашэння узнікаючых пытанняў. Мы жывем у сучасным фармаце і пішам новую гісторыю.
