Нясен з паўтонай мяса затрыманы ў Воршы
29 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Супрацоўнікі Аршанскага аддзела Дэпартамента аховы МУС каля тэрыторыі Аршанскага мясакансервавага камбіната ноччу на месцы злачынства затрымалі выкрадальніка, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА камандзір батальёна міліцыі Аршанскага аддзела Дэпартамента аховы Валерый Пілюкоў.
Выкрадальнік быў схоплены ў той момант, калі перакідаў праз плот мяшкі з мясной прадукцыяй. Як мяркуюць міліцыянеры, у яго былі саўдзельнікі з ліку работнікаў прадпрыемства, якія падрыхтавалі і запакавалі агулам у 16 мяшкоў 640 кг ялавічыны, свініны, печані. Затрыманым аказаўся непрацуючы 27-гадовы аршанец. Раней ён працаваў на Аршанскім мясакансервавым камбінаце і быў звольнены за дробнае раскраданне прадукцыі. Сума ўрону, якую выкрадальнікі маглі б нанесці прадпрыемству, калі б іх задума была паспяховай, склала б больш за Br4 млн.
Супраць выкрадальніка ўзбуджана крымінальная справа па арт.205, ч.1 КК Рэспублікі Беларусь "Крадзеж". Па гэтым факце праводзіцца праверка. Як мяркуюць супрацоўнікі міліцыі, устанавіць яго саўдзельнікаў ім не складзе працы. Іх таксама чакае заслужанае пакаранне.-0-