Ніводзін удзельнік «Славянскага базару» не застаўся ў накладзе

13 ліпеня, Віцебск /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Ніводзін удзельнік конкурсу маладых выканаўцаў, які завяршыўся на XVIII Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", не застаўся ў накладзе. Усе яны пакідалі цырымонію ўзнагароджання пераможцаў, якая прайшла сёння ў Віцебскай абласной філармоніі, з кветкамі, падарункамі і добрым настроем, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Хаця вядучы цырымоніі Пётр Ялфімаў і пачаў яе са слоў, што праз хвіліну ўсе даведаюцца імёны тых, хто назаўсёды будзе ўпісаны ў гісторыю "Славянскага базару", для прысутных у зале асаблівага сакрэту ў гэтым не было. Бо па фестывальнай традыцыі ацэнкі конкурсантам журы выстаўляла адразу ж, яны высвечваліся на вялікім экране, а дзякуючы прамой трансляцыі іх бачылі ўсе тэлегледачы. Па набраных маладымі выканаўцамі балах лёгка можна вызначыць усіх прызёраў. Для саміх конкурсантаў у гэтым, напэўна, быў свой плюс: усе хваляванні засталіся ззаду, і на самой цырымоніі ніхто з іх не нерваваўся. Дзякуючы гэтаму яна прайшла ў шчырай, амаль хатняй атмасферы. Выйшаўшы на сцэну, старшыня міжнароднага журы Лайма Вайкуле пастаралася падбадзёрыць тых, хто не заняў прызавых месцаў. "Гэта ўсяго толькі суб'ектыўнае меркаванне членаў нашай брыгады, ёсць шмат сусветных зорак, якія прайгравалі на конкурсах, а ў вас яшчэ ўсё жыццё наперадзе", - сказала яна. Уручаючы ўсім выканаўцам пасведчанні аб прысуджэнні званняў дыпламантаў, Лайма Вайкуле знайшла цёплыя словы для кожнага з іх. А асабліва тых, хто спадабаўся асабіста ёй, абдымала і цалавала. Гран-пры трэці раз у гісторыі "Славянскага базару" з'язджае ў Расію. Зрэшты, чыста расійскай гэту перамогу назваць нельга - Дзіма Даніленка, які заваяваў яе, родам з Гомельскай вобласці, у Санкт-Пецярбург ён з'ехаў зусім нядаўна. Характэрна, што першым яго педагогам была мама беларускага конкурсанта Андрэя Колава, які падзяліў другое месца з македонцам Влатко Лазаноскі. Першае месца было прысуджана Пашу Парфенію з Малдовы, які валодае неардынарнай манерай выканання. Адзіным сюрпрызам стала тое, што трэцяе месца журы аддало двум выканаўцам: украінцу Пятру Дзмітрычэнку і літоўцу Еранімасу Мілюсу, якіх адзін ад аднаго аддзяліў толькі адзін бал. Як заўсёды, конкурсантам было ўручана мноства іншых прызоў. Вельмі ганаровая ўзнагарода - спецыяльная прэмія ім. Уладзіміра Мулявіна - прысуджана беларусу Андрэю Колаву, які, як і расіянін Дзіма Даніленка, атрымаў яшчэ і падарунак Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі - ноўтбук. Наогул, узнагароды аказаліся самымі разнастайнымі. Сярод іх былі беларускі нацыянальны касцюм і саломка, абутак, аздараўленчы ультрагукавы прыбор, пуцёўкі ў Санкт-Пецярбург, чайныя наборы і многае іншае.-0-