Ніякага канфлікту паміж Беларуссю і Расіяй няма, акрамя рознагалоссяў палітыкаў - А.Лукашэнка
26 жніўня, Мінск /Таццяна Паляжай — БЕЛТА/. Ніякага канфлікту паміж Беларуссю і Расіяй няма, акрамя разнадумкаў палітыкаў. Такое меркаванне выказаў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Курскай вобласці Расіі Аляксандрам Міхайлавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Абсалютна ніякага канфлікту паміж Беларуссю і Расіяй няма, ніякага канфлікту паміж расіянамі і беларусамі няма і быць не можа. Усё, што адбываецца, гэта абсалютна суб'ектыўна. Гэта асобасны канфлікт, таму вы так яго і ўспрымайце», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не збіраецца рэагаваць на выпады ў расійскіх СМІ ў дачыненні да яго асабіста і краіны. «Мяне ўсё больш падштурхоўваюць да таго, каб я неяк рэагаваў на тое, што сёння адбываецца ў сродках масавай інфармацыі ў дачыненні да мяне і Беларусі. Я не збіраюся гэтага рабіць», — сказаў беларускі лідар. Ён таксама дадаў, што ўся тая бруд, якая вылілася ў Расіі, «касаецца не Беларусі і беларускага прэзідэнта, гэта фільм пра іх». «Яны хочуць, каб і ўсе такія былі. Таму ніякай рэакцыі на бруд мы з Беларусі не дапусцім, колькі б там ні стваралася гэтых фільмаў», — адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка зноў падкрэсліў, што «няма такой сілы і такіх палітыкаў, якія б маглі разарваць нашу дружбу, наша братэрства. «Вы павінны ведаць: хочуць палітыкі ці не хочуць, беларусаў і расіян разарваць нельга», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што кажа гэта не таму, што, як многія лічаць, «Беларусі і Лукашэнку няма куды дзявацца». «Свет велізарны, варта толькі шавельнуцца ў патрэбным напрамку, — сказаў Прэзідэнт. — Беларусь у адзіночку не была і не застанецца. Толькі не ведаю, выгадна ці будзе гэта кіраўніцтву Расіі. Тое, што нашым народам будзе невыгадна — гэта факт».
Звяртаючыся да губернатара Курскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў «пакінуць усю бруд за дужкамі» і падкрэсліў, што ў Беларусі яны знойдуць надзейных партнёраў, гатовых аказаць любую дапамогу. «Ніякай арыентацыі ўлева ці ўправа ў нас няма. Мы абсалютна надзейныя і вытрыманыя партнёры», — сказаў ён.-0-